У Добрускім раёне праз чуму супрацоўнікам сьвінакомплексу забаранілі трымаць сьвіньняў на сваіх падворках

Падчас эпідэміі афрыканскай чумы сьвіньней у Беларусі ў 2013 годзе закрывалі цэлыя сьвінакомплексы. Архіўнае фота

Кіраўніцтва Добрускага раёну правяло пасяджэньне штабу па барацьбе з афрыканскай чумой сьвіньняў (АЧС). Раённыя ўлады кажуць, што «вастрыня гэтай праблемы не слабее». У раёне ўжо адстрэлілі амаль усіх дзікоў, якіх лічаць распаўсюднікамі чумы.

Старшыня Добрускага райвыканкаму Аляксандар Горбач заявіў, што праблемы патрабуе павышанай увагі, улічваючы ўвядзеньне ў эксплуатацыю сучаснага сьвінагадоўчага комплексу.

«Усе неабходныя загараджальныя і ахоўныя мерапрыемствы на аб’екце выконваюцца ў поўным абʼёме. Ёсьць сэртыфікаваныя камбікармы, закупілі дэзынфікуючыя сродкі. Работнікаў папярэдзілі аб забароне ўтрыманьня сьвіньняў на ўласных падворках», — працытавала Аляксандра Горбача раённае выданьне «Добрушскі край».

Адначасова ў раёне працягваюць адстрэл дзікоў, якіх лічаць асноўнымі разносчыкамі Кіраўнік раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў Сяргей Кірэйцаў паведаміў, што з сакавіка 2025 году ўпалявалі 56 дзікоў. У выпадку пацьвярджэньня чумы тушы застрэленых жывёл утылізуюць на адмысловым скотамагільніку.

Паводле яго, паляўнічыя атрымліваюць па 135 рублёў (тры базавыя велічыні. — РС) за кожнага адстрэленага дзіка і па 270 рублёў (шэсьць базавых велічынь) за кожную сьвінаматку. «Гэта зьяўляецца някепскім стымулам», — сказаў Сяргей Кірэйцаў.

Ён дадаў, што цяпер у раёне засталося ўсяго 15 дзікоў, хоць гэтая лічба можа зьменьвацца ў выніку міграцыі жывёлы.

На пасяджэньні ўхвалілі таксама рашэньне аб забароне пасеву на палях, якія прымыкаюць да сьвінакомплексу, культур, што прыцягваюць дзікіх жывёл. Паляўнічыя і лесьнікі прадоўжаць улік дзікоў і апэратыўна будуць перамяшчаць на скотамагільнік рэшткі загінулых зьвяроў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі стварылі штаб для тэрміновай ліквідацыі афрыканскай чумы сьвіньняў

У жніўні 2024 году ў Беларусі стварылі штаб для тэрміновай ліквідацыі афрыканскай чумы сьвіньняў.

У 2013–2014 гадах у Беларусі зафіксавалі эпідэмію афрыканскай чумы, у выніку якой закрываліся сьвінакомплексы. Тады ж пачалі адстрэл дзікоў і называлі гэта адзіным найбольш эфэктыўным захадам для спыненьня распаўсюду вірусу чумы.

У 2019 годзе ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб істотным зьмяншэньні папуляцыі дзікоў — да 2000. Да 2013 году іх было больш за 100 тысячаў, у 2014 годзе — 8,6 тысячы, у 2017-м — 2,8 тысячы.

Афрыканская чума сьвіньняў — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца да 40–42 градусаў тэмпэратура цела, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям АЧС не пагражае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пяці раёнах Горадзеншчыны, дзе раней быў забаронены адстрэл дзікоў, дазволілі на іх паляваць