У Бабруйску ствараюць два ракетныя палкі. Іх падпарадкавалі Сілам спэцыяльных апэрацый

«БелГрад» — беларуская мадэрнізацыя савецкай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню БМ-21 «Град» ад ААТ «2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня». Ілюстрацыйнае фота

Рашэньне ўхвалілі ў чэрвені 2025 году: 92 рэактыўны полк фактычна сфармавалі нанова, а 147 зэнітны ракетны полк перападпарадкавалі.

Як паведамілі на тэлеканале «Беларусь-1», на ўзбраеньні 92-га рэактыўнага палка — «БелГрад» — беларуская мадэрнізацыя савецкай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню БМ-21 «Град» ад ААТ «2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня».

«Задача нашай вайсковай часткі — падтрыманьне дэсантных злучэньняў, дэсантных падразьдзелаў вайсковых частак. Мы ў любым выпадку, ведаючы тактыку нашых пабрацімаў, якія праходзяць службу ў дэсантных брыгадах, будзем выкарыстоўваць нашы артылерыйскія падразьдзелы з улікам іх асаблівасьцяў», — сказа камандзір 92-га рэактыўнага артылерыйскага палка Сіл спэцыяльных апэрацый Аляксандар Саўчук.

Як адзначаецца ў матэрыяле, 147-ы зэнітны ракетны полк перадалі ў Сілы спэцыяльных апэрацый «для прыкрыцьця камандных пунктаў і баявых падразьдзелаў».

На ўзбраеньні палка — у асноўным зэнітна-ракетныя комплексы «Аса». Гэтыя савецкія комплексы таксама мадэрнізавалі ў Беларусі ў пачатку 2000-х на навукова-вытворчым прадпрыемстве «Тэтраэдр».

«Мы, як воіны дэсантнікі, з 2026 году будзем удзельнічаць у скачках з парашутам, у дэсантаваньні з розных бартоў нашых Узброеных сіл. Фізычная падрыхтоўка: патрабаваньні сталі больш строгімі, больш жорсткімі. Якасныя трэніроўкі, намаганьні, стараннасьць даюць адпаведна станоўчы вынік», — паведаміў камандзір 147-га зэнітнага ракетнага палка Павал Гатоўчыц.

Цяпер у Беларусі праходзіць раптоўная праверка Ўзброеных сілаў Беларусі, якую з 16 студзеня абвясьціў Аляксандар Лукашэнка. Раптоўная праверка будзе праходзіць да вясны. У іх бяруць удзел і Сілы спэцыяльных апэрацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем ускладняць табе жыцьцё, — Лукашэнка Хрэніну падчас «раптоўнай праверкі» ўзброеных сіл