Увечары 20 лютага ў час спаборніцтваў у шорт-трэку моцнага пашкоджаньня зазнала спартоўка з Польшчы Каміля Сэлер. У час гонкі полька сутыкнулася з спадужніцай і атрымала ўдар каньком у твар. Яе заліла кроў, на арэне імгненна зьявіліся мэдыкі.
Цяпер з польскіх СМІ стала вядома пра тое, што лекары працягваюць працаваць з алімпійкай. У яе пашкоджаная костка на твары каля вока. Учора вока моцна апухла, і полька нічога ім ня бачыла. 21 лютага яе яшчэ чакаюць тэсты рухомасьці вока. Вядома, што ўначы спартоўка мала спала.
Ужо раніцай 21 лютага, у час ранішняй сэсіі ў бабслэі, дзе спаборнічалі мужчыны ў санках-чацьвёрках, на трасе ў Картыне д’Ампэцца перакуліліся тры экіпажы. Калі з камандамі Францыі і Трынідаду і Табага нічога сур’ёзнага не адбылося, яны проста ня здолелі фінішаваць, перакуліўшыся ў санках, дык праблемы паўсталі з камандай, якая пацярпела першай — Аўстрыяй. Пілёт квартэту Якаб Мандльбаўэр непасрэдна з трасы быў дастаўлены ў шпіталь.
На гэта момант пра здароўе аўстрыйскага спартоўца вядома няшмат. Ён застаецца ў шпіталі. З інфармацыі, якая даходзіла ад каманды, вядома, што аўстрыец скардзіцца на боль у шыі. Пасьля таго, як боб каманды перакуліўся, трое іншых удзельнікаў каманды хутка выбраліся зь яго, а пілёт доўга заставаўся нерухомым унутры санак. Спаборніцтвы былі прыпыненыя прыкладна на 20 хвілін, у гэты час аўстрыйцу надавалі першую дапамогу.
Алімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца набліжаюцца да заканчэньня. Ужо 22 лютага адбудзецца заключны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ўпершыню з 1998 году засталіся без алімпійскіх мэдалёў у фрыстайле