Замежныя дыпляматы, якія працуюць у Менску, на Дзень матчынай мовы падзяліліся неперакладальнымі словамі з сваіх моваў

Аста Андрыяўскене

21 лютага ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень матчынай мовы.

Часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене апублікавала ў сваім фэйсбуку допіс, дзе дыпляматы з розных краінаў падзяліліся словамі, якія немагчыма ці амаль немагчыма ў адно слова перакласьці на іншыя мовы. Тлумачэньне словаў на карцінках апублікавалі па-беларуску.

«Родная мова будуе наш сьветапогляд і сувязі зь людзьмі вакол нас. Сёньня, у Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе, мы ўшаноўваем моўнае і культурнае багацьце сьвету. Дыпляматы, якія працуюць у Менску, дзеляцца з вамі „неперакладальнымі“ словамі з сваіх родных моў — словамі, што ня маюць у многіх іншых мовах простых аднаслоўных адпаведнікаў, якія цалкам перадавалі б іх культурную ці эмацыйную вагу і адценьні сэнсу. Колькі з гэтых слоў вы ўжо ведаеце? Якія вашы любімыя „безэквівалентныя“ словы ў вашай роднай мове?», — спытала Андрыяўскене.

Міжнародны дзень матчынай мовы 21 лютага ўшаноўвае памяць студэнтаў трох унівэрсытэтаў гораду Дакi, цяперашняй сталіцы Бангладэш, якія ў 1952 годзе выступілі за прызнаньне бэнгальскае мовы як дзяржаўнай у тагачасным Усходнім Пакістане і былі расстраляныя пакістанскай паліцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пройдзе Дзень матчынай мовы ў Беларусі і за межамі. Расклад