«Гэта падрыхтоўка да перамоўнага працэсу»: палітоляг Тышкевіч пра санкцыі Ўкраіны супраць Лукашэнкі

Ілюстрацыйны каляж

«Гэта спроба падвысіць стаўкі»: Тышкевіч пра санкцыі Кіева супраць Лукашэнкі.

18 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні пэрсанальных санкцыяў супраць «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі» за садзейнічаньне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Гэта працяг і разбудова інфраструктуры для разьмяшчэньня ў Беларусі ракет сярэдняй далёкасьці — «Арэшніку». Гэта разгортваньне ў другой палове 2025 году сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па Ўкраіне. Паводле Зяленскага, «Лукашэнка ўжо даволі даўно абменьвае сувэрэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады». Украінскі палітычны аналітык Ігар Тышкевіч у "ПіКу Свабоды" ацэньвае гэты крок з палітычнага і практычнага гледзішча:

«З практычнага пункту гледжаньня гэта ня мае ніякага эфэкту, таму што пералічаныя мэханізмы на дадзены момант ня маюць прымяненьня супраць Лукашэнкі. Дзяржаўных узнагарод няма, нерухомасьці няма, бізнэс у юрысдыкцыі Украіны не вядзецца. Калі казаць пра палітычны складнік, то гэта палітычны сыгнал. У пэўнай меры гэта адказ на досыць агрэсіўную рыторыку афіцыйнага Менска апошнія гады, адказ на мілітарысцкую рыторыку. З палітычнага гледзішча гэта спроба Ўкраіны падвысіць стаўкі. Я не выключаю, што гэта можа быць праявай альгарытму, які ў свой час выкарыстала Польшча для стварэньня перамоўнага трэку з атачэньнем Лукашэнкі. Польшча таксама падвышала стаўкі, але праз закрыцьцё межаў. Украіна падвышае стаўкі праз санкцыі супраць Лукашэнкі, каб на сваіх умовах распачаць уласны перамоўны трэк альбо падрыхтавацца да пэўнага перамоўнага працэсу. Бо ў выпадку замарозкі вайны ва Ўкраіне, калі пагадненьне будзе блізкае да дасягненьня, тэмы гандлёвых адносінаў і мяжы ўсё адно будуць абмяркоўвацца. Адна справа, калі ты да гэтага гатовы і маеш свае патрабаваньні. Іншая — калі табе гэтую тэму навязваюць звонку, а ты не маеш стартавых пазыцый».

Украінскі дыплямат Вадзім Трухан у інтэрвію «Свабодзе» сказаў, што санкцыі падпарадкаваныя дзьвюм мэтам. Першая — паказаць амэрыканскім партнэрам, што Ўкраіна ня згодная з іх спробамі легітымізаваць Лукашэнку. Другая — перадухіліць ініцыятыву Пуціна аб правядзеньні мірных перамоваў у Менску. Ці згодныя Ігар Тышкевіч з такімі тлумачэньнямі?

«Па мірных перамовах у Менску я магу пагадзіцца, бо Кіеў катэгарычна супраць выкарыстаньня беларускай пляцоўкі. Што да сыгналу амэрыканцам — маўляў, Украіна ня згодная зь іх беларускім трэкам, — то, прабачце, сёньня амэрыканцы выкручваюць рукі Ўкраіне па больш ключавым пытаньні. Гэта контуры мірнага працэсу і мадальнасць абмеркаваньня пытаньняў, якім чынам замарозіць расейска-ўкраінскай вайны. Таму беларускі накірунак тут не галоўны».

Паводле палітычнага аналітыка, санкцыі могуць быць эфэктыўныя ў двух выпадках:

«Першае — калі адновяцца эканамічныя ці іншыя кантакты паміж Кіевам і Менскам; другое — калі ў двухбаковы гандаль будуць спрабаваць уключыць фірмы, звязаныя з Лукашэнкам ці яго найбліжэйшым атачэньнем. Калі ж гаворка ідзе пра дзяржаўныя прадпрыемствы, то прэзыдэнт дзяржавы не зьяўляецца канчатковым бенефіцыярам такіх прадпрыемстваў».

Нядаўна адбылася сустрэча Зяленскага са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, яе запрасілі ў Кіеў, рыхтуецца візыт. Цяпер — пэрсанальныя санкцыі. Ці можна казаць пра сур’ёзную зьмену ўкраінскай палітыкі адносна Менска? Ігар Тышкевіч ня лічыць зьмены кардынальнымі.

«Я б не казаў пра кардынальныя зьмены. Кардынальныя зьмены бываюць тады, калі ёсьць выразны альгарытм дзеяньняў адносна канкрэтнай дзяржавы. Сустрэчы з Ціханоўскай, санкцыі супраць Лукашэнкі, магчыма, яшчэ некалькі рэзкіх заяваў — гэта пакуль што тактычныя крокі. Яны зьвязаныя з магчымым зьяўленьнем асобнага перамоўнага трэку паміж Менскам і Кіевам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць далейшыя санкцыі». Украінскі ўпаўнаважаны патлумачыў чаму ўлады Ўкраіны ўзяліся за Лукашэнку