Санкцыі ўведзеныя на 10 гадоў. Яны, сярод іншага, прадугледжваюць блякаваньне актываў і капіталу, поўнае спыненьне гандлёва-эканамічных апэрацый і транзыту, спыненьне міжнароднага супрацоўніцтва ў розных сфэрах, візавыя і маёмасныя абмежаваньні, а таксама пазбаўленьне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны.
«Гэта выразны сыгнал партнэрам аб ацэнцы ролі Беларусі ва ўзброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны», — піша Ўласюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дыплямат: санкцыі Кіева ня ўдараць па Лукашэнку, яны падпарадкаваныя іншым мэтамПаводле яго, Украіна доўга ўстрымлівалася ад санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, але другая палова 2025 году паказала, што Лукашэнка «слабы, бо падпарадкоўваецца Пуціну, а не свайму народу».
«Рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі, якія дапамаглі кантраляваць атакі бесьпілётнікаў на поўначы Украіны ў рэжыме рэальнага часу, разгортваньне ракетнага комплексу „Арэшнік“ на тэрыторыі Беларусі — гэта ўжо ня „ўскосная падтрымка“, а непасрэдны ўдзел ва ўзброеным канфлікце».
Уласюк адзначае, што ёсьць задакумэнтаваныя прыклады выкарыстаньня расейскіх ударных бесьпілётнікаў з выкарыстаньнем сыгналаў ад рэтрансьлятараў.
«Тэрыторыя Беларусі фактычна пераўтворана ў інфраструктурную частку расейскай ваеннай машыны, якая пагражае ўсёй Эўропе.
Але роля Менску на гэтым не сканчаецца. Беларусь сыстэматычна выкарыстоўваецца як хаб для абыходу санкцый. Яе прадпрыемствы інтэграваны ў расейскі ваенна-прамысловы комплекс — у расейскіх ракетах знаходзяцца беларускія платы. Празь яго юрысдыкцыю праходзяць лягістычныя і фінансавыя патокі, якія дапамагаюць Крамлю падтрымліваць вайну», — піша Ўласюк.
Ён таксама падкрэсьлівае, што рэжым Лукашэнкі садзейнічаў стварэньню фільтрацыйных лягераў для ўкраінцаў у 2022 годзе і выкраданьню ўкраінскіх дзяцей.
«Усе гэтыя крокі Лукашэнкі не пакінулі Ўкраіне іншага выйсьця.
Вось чаму ў 2026 годзе мы назіралі паступовую, але ўпэўненую карэкцыю курсу Кіева ў дачыненьні да ўладаў Беларусі».
Уласюк дадае, што ўспрыманьне Лукашэнкі зьмяняецца і ў Эўразьвязе і што Ўкраіна чакае і гатовая ўдзельнічаць у сынхранізацыі санкцыйных рэжымаў ЭЗ супраць Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, у прыватнасьці, поўнай сынхранізацыі забаронаў як на імпарт, так і на экспарт.
«Будуць далейшыя санкцыі», — завяршае артыкул упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях санкцыйнай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будрыс анансаваў пашырэньне санкцыяў супраць Беларусі ў 20-м пакеце Эўразьвязу