У выніковым «ПіКу Свабоды» Ганна Соўсь абмяркоўвае абставіны вызваленьня Міколы Статкевіча з палітычным аглядальнікам агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім, сябрай сям’і Статкевіча і Адамовіч рэдактаркай Аксанай Колб, яго паплечнікам Яўгенам Вільскім і былым турэмным лекарам Васілём Завадзкім. Таксама ў нашым эфіры: Як Коля Лукашэнка вярнуў сьвятло ў беларускія гарады; Саміт Трампа без Беларусі; Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч пра тое, чаму Кіеў абвастрае адносіны з Менскам.
00:00 – асноўныя тэмы праграмы «Вынікі тыдня»
01:13 – рэжым ужо не апасаецца Статкевіча? Аляксандар Класкоўскі
06:14 – што азначае інсульт за кратамі. Васіль Завадзкі
14:15 – якія палітычныя пэрспэктывы Статкевіча пасьля акрыяньня? Аляксандар Класкоўскі
25:00 – сябра сям'і Аксана Колб пра размову са Статкевічам і Марынай Адамовіч
30:15 – паплечнік Статкевіча Яўген Вільскі пра ролю Статкевіча ў гісторыі Беларусі
33:59 – як Мікалай Лукашэнка «разруліў» блэкаўт
41:00 – Чаму Лукашэнка праігнараваў Раду Міру ў Вашынгтоне. Валер Карбалевіч
47:11 – санкцыі Ўкраіны супраць Лукашэнкі: чаму Ўкраіна ідзе на абвастрэньне. Ігар Тышкевіч
Тут фрагмэнты размовы
— Неафіцыйны тэлеграм-канал Лукашэнкі паведаміў, што Лукашэнка «ўхваліў просьбу сваякоў асуджанага на 14 гадоў апазыцыянэра Статкевіча адпусьціць яго пасьля хваробы». Я працытую прэс-сакратарку Лукашэнкі Эйсмант: «Для пачатку хачу нагадаць, што рашэньне аб памілаваньні Мікалая Статкевіча прэзыдэнт прыняў ужо даўно. Але тады ехаць у „райскі сад“ Статкевіч адмовіўся. І — вярнуўся ў турму. З таго часу прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы са здароўем. У прыватнасьці, здарыўся інфаркт галаўнога мозга». Паводле Эйсмант, пра гэта даклалі Лукашэнку, і той прыняў рашэньне аб яго неадкладным пераводзе ў бальніцу, дзе была забясьпечаная ўся неабходная і своечасовая дапамога — яго выратавалі. Ці гэта азначае, што хворага Статкевіча Лукашэнка ўжо не баіцца?
— Брыдкае ўражаньне пакідае гэты камэнтар прэсавай сакратаркі. Яна свайго шэфа хацела паказаць вялікім гуманістам, але адразу ўзьнікае некалькі пытаньняў. Па-першае, выглядае на тое, што ў турме не наважваліся хутка аказаць дапамогу, павезьці ў шпіталь Статкевіча, а перш за ўсё сыгналізавалі наверх. І толькі калі Лукашэнка аддаў загад яго ў шпіталь адвесьці, толькі тады гэта было зроблена. Таму ўжо выклікае пытаньне, наколькі своечасовая была дапамога. Па-другое, што ж гэта за сыстэма, калі тыя ж мэдыкі думаюць не пра клятву Гіпакрата, а найперш пра тое, як адрэагуе высокі начальнік, паколькі Статкевіч — гэта адзін з ягоных палітычных ворагаў. Лукашэнка ў верасьні казаў, што Статкевіч ужо стары, можа хутка і памрэ, дык там у турме маглі б гэта як і пэўны намёк успрыняць. Гэтая пэнітэнцыярная так званая сыстэма, якая даводзіць чалавека да сьмерці, як гэта было ў выпадку з мастаком Алесем Пушкіным. Другі момант, Лукашэнка баіцца іншага, ён баіцца, што сарвецца яго вялікая ўгода з Дональдам Трампам, што сьмерць Статкевіча, знакавага палітвязня было была б вялікім скандалам і магла б перашкодзіць гэтаму працэсу, які спрыяе пэўнай легітымацыі Лукашэнкі. Такія матывы ім кіравалі, а ня тое, што ён выявіў нейкі гуманізм.
— Якія вы бачыце магчымасьці для палітычнай, для грамадзкай дзейнасьці Міколы Статкевіча ў Беларусі, калі ён адновіцца?
— Дай Бог, каб ён найхутчэй аднавіўся. Гэта найпершае пажаданьне. Па-другое, ведаючы Міколу Статкевіча, цяжка ўявіць, што ён будзе проста вайсковым пэнсыянэрам, будзе ціха сядзець. Але тут крыецца для яго небясьпека, таму што нават тых палітвязьняў, якія па вызваленьні ніякай актыўнасьці не выяўлялі, і то многіх выціскаюць за мяжу. Як вядома, там міліцыя, спэцслужбы ціснуць і ўсяк падштурхоўваюць. Кажуць, што калі ты не едзеш адсюль, то вернешся за краты. Калі ўявіць, што Мікола пачне нейкую дзейнасьць палітычную ў Беларусі, тым болей ён ніколі ж ня быў такім офісным апазыцыянэрам. Ён не захапляўся гэтымі адозвамі, рэзалюцыямі і гэтак далей. Ён заваяваў славу вулічнага байца. Ён неаднойчы ўзначальваў, арганізоўваў шэсьці. Я добра памятаю, напрыклад, Марш свабоды 1999 года, калі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек далі адпор сілавікам, калі тыя пачалі іх зьбіваць. Хвілін 40 трываў сапраўдны бой на мосьце над Свіслачу тады.
Статкевіч узначальваў так званыя дармаедзкія пратэсты ў 2017 годзе. То бок ён чалавек дзеяньня, чалавек вуліцы, чалавек актыўнага змаганьня. І ў сёньняшняй Беларусі, калі ён рызыкне нейкія акцыі зноў ладзіць, то, нягледзячы на ўсе праблемы са здароўем, нягледзячы на памілаваньне, яму можа пагражаць новы тэрмін. Новую эміграцыю ён таксама ня хоча. Таму гэта, я думаю, будзе вялікай драмай гэтага чалавека, таму што ён сапраўды чалавек гераічнага складу, ён у пэўнай ступені нават, прабачце за такую мэтафару, ён сёньня ўжо закладнік свайго рыцарскага вобразу. Таму для яго гэта будзе вялікае выпрабаваньне і вялікі выклік, як далей будаваць сваё жыцьцё ва ўмовах дыктатуры.
— Як вы ацэньваеце для найноўшай гісторыі Беларусі постаць Статкевіча?
— Статкевіч прайшоў уласную ўнутраную эвалюцыю. Ён у многіх інтэрвію пра гэта расказваў. Ён быў звычайным савецкім афіцэрам, нават, здаецца, сакратаром камітэта камсамола, а потым ён пакрысе прыйшоў да Беларусі, да беларушчыны, пачаў размаўляць на роднай мове. І на пачатку 90-х, калі адбывалася перабудова, калі абвальваўся Савецкі Саюз, ён стаў ініцыятарам стварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Гэта была фэнамэнальная зьява, таму што ў асяродзьдзі афіцэрства моцна сядзелі у мазгах менавіта савецкія стэрэатыпы, а ён і ягоныя паплечнікі выступалі за стварэньне нацыянальнай арміі, нацыянальнага войска. Яны на плошчы Незалежнасьці прынесьлі сымбалічную клятву народу Беларусі. Гэта ўсё былі такія вельмі значныя падзеі для фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці таго пакаленьня беларусаў.
Статкевіч заўжды быў такім чалавекам, які не баяўся ісьці супраць плыні. Нават калі яму казалі: «Мікола, дык хопіць з гэтымі маршамі, усё адно супраць лому няма прыёму», ён упарта ладзіў сваё і гэтым закладаўся падмурак тых падзей, якія адбыліся ў 2020 годзе. Яго арыштавалі ў траўні 2020-га года, калі ён ішоў на перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай, на пачатку кампаніі. Улады, сілавікі разумелі, што гэты чалавек для іх небясьпечны менавіта як арганізатар вулічных пратэстаў. І хоць гісторыя не цярпіць умоўнага ладу, але я прыкідваю, што калі б нейкім цудам яго пакінулі на волі, то ў жніўні 2020 года сюжэт пратэстаў мог бы быць іншым, таму што пры ўсёй масавасьці ім не хапала менавіта арганізацыі, нейкай асэнсаванасьці, мэты. Тое, у чым быў моцны менавіта Статкевіч.
Калі падсумоўваць ягоны шматгадовы шлях сьвядомага і цьвёрдага апазыцыянэра, то можна сказаць, што ён сваімі ўчынкамі заваяваў сабе месца ў пантэоне герояў будучай рэвалюцыі, як і Раман Бандарэнка, якога забілі лукашэнкавы каты, як і іншыя змагары стагоддзяў. Так што Статкевіч ужо ўвайшоў у гісторыю вольнай незалежнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Статкевіч перанес інсульт у зьняволеньні і цяпер аднаўляецца дома«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.