Жыхары Беларусі атрымалі рахункі за камуналку за студзень і абурыліся падаражэньнем у параўнаньні зь сьнежнем. Найбольш сумы вырасьлі ў тых, каго дзяржава лічыць «дармаедамі», то бок «не занятымі ў эканоміцы». Прыкладамі падаражэньня беларусы актыўна дзеляцца ў сацыяльных сетках. Паводле аднаго з такіх допісаў (спасылку на яго не прыводзім дзеля бясьпекі, копіі рахункаў ёсьць у рэдакцыі. — РС), уласьніку кватэры, большай за 100 м², прыйдзецца заплаціць больш на 36% — каля 500 рублёў.
Найбольшы артыкул выдаткаў паводле гэтай квітанцыі — ацяпленьне. Плату за яго вылічылі паводле поўных тарыфаў, бо дзяржава прызнала ўласьніка «дармаедам». Гэта значыць, што плата за 1 Гкал складае 134,94 рубля, а ільготны тарыф — 27,2323 рубля (усе рахункі ёсьць у рэдакцыі. — РС).
Зіма ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Ёсьць і іншыя прыклады: кватэра ў 47 квадратаў у абласным цэнтры, плата за студзень 515 рублёў. Асноўны артыкул выдаткаў — зноў жа ацяпленьне: 234 рублі.
Людзі, якія аплачваюць ацяпленьне і гарачую ваду паводле льготных тарыфаў, то бок яны не прызнаныя «дармаедамі», таксама скардзяцца на падаражэньне. Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі жыхарамі Менску й іншых гарадоў. У большасьці квітанцыя зь сьнежня пацяжэла на 20–30 рублёў. Напрыклад, двухпакаёвая кватэра ў сталіцы: было 100 рублёў, стала 120. Для большых кватэраў цэны вырасьлі яшчэ больш, недзе на 50–80 рублёў. Сярэдняе падаражэньне склала ад 15% да 50%.
У Беларусі ад студзеня зьбіраліся павысіць плату за камунальныя паслугі, аднак гэтае рашэньне адклалі да сакавіка.
Чаму цэны вырасьлі цяпер
Адзін з чытачоў Свабоды дазваніўся ў разьлікова-даведачны цэнтар упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Там рост сумаў у рахунках патлумачылі халаднейшым надвор’ем у студзені ў параўнаньні зь сьнежнем: трэба было больш паліць. Аднак Свабода, вывучыўшы больш за дзясятак розных квітанцыяў, зьвярнула ўвагу на тое, як вылічваецца спажываньне цяпла ў розных кватэрах, а гэта найдаражэйшы складнік камунальных паслуг.
Ілюстрацыйнае фота
У некага спажываньне цяпла вырасла больш чым у паўтара разу, а ў іншага зьмянілася зусім нязначна. У адным прыкладзе, каб ацяпліць вялікую — на 100 квадратаў — кватэру, спатрэбілася 2,5 Гкал, а ў іншых амаль столькі ж энэргіі пайшло на абагрэў удвая меншай кватэры. Праз гэта аплата кватэраў падобнай плошчы магла адрозьнівацца на 70 рублёў: недзе 120 рублёў, а недзе амаль 200.
Найчасьцей спажываньне ацяпленьня вылічваецца для ўсяго дому, а пасьля, калі няма індывідуальных прыладаў уліку, дзеліцца на ўсіх жыхароў. Спажываньне цяпла залежыць і ад энэргазьберагальнасьці і ўзросту дому.
А што ў іншых краінах
Камунальныя паслугі праз моцныя маразы падаражэлі ня толькі ў Беларусі. Параўнайма, якую частку заробку аддаюць у якасьці камунальнай платы жыхары Беларусі (як прызнаныя «дармаедамі», так і не), Літвы і Польшчы ў студзені. Для гэтага бярэм рахункі кватэраў падобнай плошчы ў гэтых краінах і апошні апублікаваны сярэдні заробак да сплаты падаткаў.
Беларусь: Для прызнаных «дармаедамі» — 15–16,5% заробку, для ўсіх іншых — 3,5%--6,5%.
Літва: 4,6%--10% заробку, залежна ад энэргаэфэктыўнасьці дому і спажываньня
Польшча: 5%--13% сярэдняга заробку, залежна ад энэргаэфэктыўнасьці дому і яго абслугоўваньня (ці ёсьць паркінг, падвал і ахова).
Такім чынам, для прызнаных у Беларусі «дармаедамі» камунальныя паслугі ў адсотках да заробку падаражэлі больш, чым у суседніх краінах Эўразьвязу. Калі параўноўваць сярэднюю плату толькі за ацяпленьне, то ў Беларусі аплата цяпла для кватэры прыкладна ў 50 квадратаў можа даходзіць да 70 эўра для «дармаедаў» і складаць каля 12 эўра для іншага ўласьніка кватэры падобнай плошчы. У Літве, напрыклад, толькі адно ацяпленьне можа каштаваць 120 эўра. Усё гэта прыблізныя падлікі, бо плата можа адрозьнівацца ў розных кватэрах і залежыць ад шэрагу фактараў: стары ці новы дом, як даглядаюць тэрыторыю, якая катэгорыя энэргаэфэктыўнасьці, колькі розных паслуг спажывае карыстальнік.
Пры гэтым у трох краінах зусім розныя сыстэмы падліку платы за камунальныя паслугі і варыянты карыстаньня імі. У Беларусі ў большасьці кватэраў цэнтральнае ацяпленьне, якое нельга зьменшыць. У Польшчы і Літве ў многіх дамах яго можна наагул не ўключаць.
«Улады не павысілі цэны, бо ведалі, што камуналка падаражэе і бяз гэтага»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, спажываньне энэргіі лягічна вырасла ў халады. Менавіта таму ўлады і раздумалі пераносіць абяцанае ў студзені падаражэньне, бо бачылі, што пры росьце спажываньня людзі і так заплацяць больш.
Анастасія Лузгіна
«Плата ЖКГ можа расьці ў адных больш, у іншых менш, гэта залежыць ад розных паказьнікаў: энэргаэфэктыўнасьць, узрост дому, сучасны дом ці не. У кагосьці цяпла на абагрэў пайшло больш, у кагосьці менш», — кажа суразмоўца.
Дзяржава сьцьвярджае, што цяпер яна субсыдуе паслугі ацяпленьня і абагрэву вады, калі чалавек не прызнаны «дармаедам». Аднак гэтая нагрузка перакладаецца на прадпрыемствы, заўважае Анастасія Лузгіна.
«Плянуецца, што да 2035 году выйдуць на аплату паводле поўных тарыфах. Зараз яны нібыта дапамагаюць людзям аплачваць гарачую ваду і ацяпленьне. Аднак у выніку гэтага прадпрыемствы плацяць паводле вышэйшых тарыфаў, нагрузка кладзецца на іх. І ў канцавым выніку гэта адбіваецца на кошце прадукцыі і закладаецца ў цану. Таму гэта ўрэшце адбіваецца і на выдатках людзей», — гаворыць эканамістка.
Ад кастрычніка ў Беларусі зьмянілі падыход да таго, як «не занятыя ў эканоміцы» аплачваюць камунальныя паслугі. Калі раней іх доля вылічвалася ў залежнасьці ад колькасьці зарэгістраваных жыхароў і толькі за гэтую долю трэба было плаціць паводле поўных тарыфаў, то цяпер гэта ня мае значэньня. Калі ўласьнік прызнаны «дармаедам», то плата за паслугі налічваецца цалкам без вылічэньня нейкай долі, нават калі ўласьнік не жыве ў кватэры.