Як адзначаецца ў паведамленьні Службы бясьпекі Ўкраіны, спэцыяльная апэрацыя атрымала кодавую назву «Энігма 2.0», у яе межах правялі больш за 20 ператрусаў у розных рэгіёнах Украіны.
Ва Ўкраіне затрымалі 7 чалавек і яшчэ траіх — у Малдове. На чале гэтай групоўкі, якая плянавала забойствы ўкраінскіх журналістаў, актывістаў, кіраўніка стратэгічнага прадпрыемства, прадстаўніка вайсковай выведкі і байцоў Інтэрнацыянальнага легіёну, быў 34-гадовы рэцыдывіст з Малдовы. Сярод затрыманых — грамадзяне Малдовы, Украіны, краін Эўразьвязу і непрызнанага Прыднястроўя.
Паводле СБУ, фігуранты распрацоўвалі розныя сцэнары забойстваў — ад расстрэлаў да падрыву аўтамабіляў. За рэалізацыю ім абяцалі да 100 тысяч даляраў, залежна ад статусу забітага чалавека.
У паведамленьні адзначаецца, што расейскія спэцслужбы завэрбавалі галоўнага фігуранта, калі ён адбываў пакараньне ў расейскай турме. Потым яго адправілі ў Малдову для фармаваньня «агентурна-баявой групы». У яе склад ён падбіраў аднадумцаў з пракрамлёўскімі поглядамі і сярод людзей з вайсковым досьведам.
Далей усіх агентаў падзялілі на групы — адна адсочвала знаходжаньне і расклад дня патэнцыйных ахвяраў, іншая — уласна кілеры, якія мелі ўчыніць забойства. Ва Ўкраіну іх перакінулі пад выглядам турыстаў, а потым разьмяркоўвалі ў арэндаваных кватэрах у розных рэгіёнах Украіны. Грошы яны атрымлівалі праз крыптагаманцы і замежныя банкаўскія карткі.
Агенты сачылі за сваімі ахвярамі пад выглядам кур’ераў сэрвісаў дастаўкі ежы, здымалі фота і відэа аб’ектаў замаху, пазначалі іхныя месцы знаходжаньня на google-мапах і перадавалі інфармацыю кіраўніку групы.
Генэральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка паведаміў, што сярод патэнцыйных ахвяраў быў Андрэй Юсаў — прадстаўнік вайсковай выведкі ў пытаньнях стратэгічнай камунікацыі, намесьнік кіраўніка Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
Затрыманым абвясьцілі падазрэньні адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да наўмыснага забойства на заказ і незаконнае абыходжаньне з зброяй і выбуховымі рэчывамі. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазраваны ў забойстве ўкраінскага экс-сьпікера Парубія назваў матыў сваіх дзеяньняў і адпрэчыў ранейшую інфармацыю ў СМІ