Сталі вядомыя новыя дэталі хваробы Статкевіча за кратамі і ягонага вызваленьня

Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч, Менск, 19 лютага 2026 году

Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, заявіла, што Міколу Статкевіча вызвалілі «на просьбу сваякоў».

Палітвязень Мікола Статкевіч зь верасьня 2025-га знаходзіўся ў калёніі ў Глыбокім, пра гэта ягоная жонка Марына Адамовіч расказала выданьню «Новая газета Европа».

Паводле яе, пасьля адмовы Статкевіча пакідаць Беларусь у верасьні мінулага году яго зноў даставілі ў тую ж калёнію, дзе ён быў да верасьня 2025 году. Этапавалі яго зь мяшком на галаве і з плястыкавымі заціскачкамі на руках.

Адамовіч паведаміла, што за апошнія месяцы яна тройчы прыяжджала ў гэтую калёнію і накіроўвала звароты, аднак не атрымала адказаў.

«Выяўляецца, увесь гэты час ён быў у той жа калёніі ў Глыбокім, зь якой яго вывезьлі ў верасьні, — расказала яна. — Мікалай сказаў, што яго як з калёніі везьлі зь мяшком на галаве, так і зваротным шляхам, зь мяжы ў калёнію, з тым жа мяшком на галаве і заціскачкамі на руках.

Я пісала туды, у калёнію. Я за гэтыя месяцы езьдзіла туды тройчы. І мне ніхто нічога не сказаў, ня даў ніводнага адказу на мае звароты. Але ён увесь гэты час быў там.

А інфаркт у Мікалая здарыўся яшчэ 21 студзеня, і яго ў той жа вечар павезьлі ў Менск. Мікалай кажа, што лекары сапраўды рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яго жыцьцё: тры тыдні рэанімацыі, кармленьне праз трубку».

З словаў жонкі, пасьля вызваленьня дома яго сустрэлі яна і хатнія жывёлы — сабакі і каты.

«Нашы старыя коцікі нават празь пяць гадоў прызналі свайго гаспадара», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вызваленьня Статкевіча і Левай дыпляматы ЭЗ і Нямеччыны патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі

Тым часам у сваім Telegram-канале прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што Лукашэнка «рашэньне аб памілаваньні Міколы Статкевіча ўхваліў ужо даўно».

«Але тады ехаць у „райскі сад“ Статкевіч адмовіўся і вярнуўся ў турму. З таго моманту прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы з здароўем. У прыватнасьці, адбыўся інфаркт галаўнога мозгу», — сказала Эйсмант.

Паводле яе, калі Лукашэнку пра гэта паведамілі, ён распарадзіўся «тэрмінова перавесьці яго ў лякарню», дзе Статкевіча забясьпечылі ўсёй неабходнай і своечасовай дапамогай — яго выратавалі.

Потым, дадала Эйсмант, Лукашэнка атрымаў «шматлікія звароты сваякоў — жонкі, родных — з просьбамі адпусьціць яго дадому, каб мець магчымасьць даглядаць яго».

«У сувязі з гэтым (наколькі нам вядома), згодна з просьбай сваякоў, цяпер ён дома, аднаўляецца», — паведаміла Эйсмант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вызваленьня Статкевіча і Левай дыпляматы ЭЗ і Нямеччыны патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі

11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў былі вызваленыя 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.

Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікола Статкевіч.

Спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай гады да таго дня ён быў увязьнены ў Глыбоцкай калёніі, у рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

Пасьля людзі ў масках павялі Статкевіча ад мяжы ў невядомым кірунку. Толькі праз тры месяцы жонка атрымала ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў аб тым, што Статкевіч «адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021».

Паводле сваякоў, Статкевіч 21 студзеня перанёс інсульт, а 19 лютага яго вызвалілі з турмы і адправілі дадому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Статкевіч перанес інсульт у зьняволеньні і цяпер аднаўляецца дома