Будрыс анансаваў пашырэньне санкцыяў супраць Беларусі ў 20-м пакеце Эўразьвязу

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, архіўнае фота

Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні літоўскіх грузавікоў.

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрвію LRT заявіў, што некаторыя санкцыі супраць Беларусі будуць пашыраныя ў 20-м пакеце санкцый Эўразьвязу супраць Расеі, які плянуюць прыняць да чарговай гадавіны пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Украіну.

24 лютага 2026 году споўніцца 4 гады, як войскі Расеі напалі на Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Яшчэ адзін важны момант: у межах 20-га пакету некаторыя захады адносна Беларусі будуць нават пашыраныя. Спадзяюся, 23 лютага Рада замежных справаў яго ўхваліць. Так што на наступным тыдні тэма санкцыяў будзе закрытая», — сказаў Будрыс.

Аб паветраных балёнах і заблякаваных грузавіках

Паводле міністра замежных справаў Літвы, рашэньне падоўжыць санкцыі супраць Беларусі, якое чакаецца на наступным тыдні, таксама дасьць магчымасьць Літвt засяродзіцца на тым, што «беларускі бок быў паабяцаў Злучаным Штатам, — разьвязаць праблему паветраных балёнаў», сказаў Будрыс.

«Паглядзім, як будзе разьвівацца гэтая сытуацыя. Эўрапейская камісія робіць новыя захады што да нашых грузавікоў, якія ўсё яшчэ затрыманыя. Маем шэраг пытаньняў, зь якімі працуем», — сказаў міністар.

Аб пераезьдзе Ціханоўскай у Варшаву

Міністру Будрысу таксама задалі пытаньні аб пераезьдзе Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаву пасьля таго, як у Літве панізілі ўзровень яе аховы.

«Літва лічыць Ціханоўскую лідэрам апазыцыі, і ў Літве дзейнічае заснаваны ёю офіс», — запэўніў Будрыс.

«Гэта яе уласнае рашэньне — як пашыраць і працягваць сваю дзейнасьць. Гэта не рашэньне Літвы, як і палітычны парадак дня, чым займаецца апазыцыя, аб’ядноўваючы паасобныя структуры ў розных краінах, — гэта справа іх саміх. Літва не вызначае — зараз такую працу рабіце, тую ці гэтую. Што Літва можа прапанаваць і што яна робіць больш, чым хто-небудзь, гэта стварае ўмовы для дзейнасьці прадстаўнікоў апазыцыі ў Літве, запэўніваючы бясьпеку, прастору, палітычныя ўмовы, а таксама спрычыняецца фінансамі. І мы будзем рабіць гэта і ў будучыні», — дадаў ён.

Тое, што адбылося, Будрыс ня лічыць адступленьнем Літвы ў беларускім пытаньні. Паводле яго, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Літвы забясьпечыць «як мага больш дэмакратыі» у Беларусі. Літва надалей будзе падымаць пытаньне Беларусі на міжнароднай арэне, запэўніў Кястуціс Будрыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША часткова зьнялі санкцыі з калійных прадпрыемстваў Беларусі

Аб адносінах паміж Беларусьсю і ЗША

Таксама ў Будрыса спыталі аб магчымым пацяпленьні адносінаў паміж Лукашэнкам і ЗША.

«Пра гэта мы гаворым наўпрост з ЗША. Інтарэс Літвы ў тым, каб дакладна ведаць, што адбываецца, а таксама інфармаваць амэрыканскі бок аб наступствах пацяпленьня адносін для нас наўпрост, аб тым, што дазваляе сабе рэжым, узмацняючы гібрыдныя атакі супраць нас або павялічваючы падтрымку Расеі, агрэсіі супраць Украіны. Я таксама гаварыў пра гэта падчас майго апошняга візыту ў Вашынгтон некалькі тыдняў таму з спэцыяльным пасланьнікам Джонам Коўлам. Мы ўвесь час падтрымліваем сувязь, не адзін канал дзейнічае з амэрыканскім бокам. Мы падрабязна інфармуем іх пра пэрспэктывы і наступствы гэтага і, вядома ж, каардынуем дзеяньні. Бо некаторыя з вызваленых апынаюцца ў рэшце рэшт у Літве, але роўна гэтаксама Злучаныя Штаты Амэрыкі ўзялі на сябе абавязаньне вырашыць некаторыя з паўсталых у сувязі з гэтым праблемаў, як і праблему гібрыдных атак на Літву», — паведаміў Будрыс.

Пра транзыт калійных угнаеньняў з Беларусі

«Я вельмі спадзяюся, што пасьля наступнага тыдня мы падымем тэму таго, што будзе, калі празь Літву будуць правозіць угнаеньні і падобнае. Санкцыі Эўрапейскага Зьвязу будуць працягнутыя», — сказаў міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.