Здымак беларускай дакумэнталісткі Ксеніі Галубовіч стаў адным зь пераможцаў міжнароднага конкурсу Female in Focus за 2025 год

Здымак Ксеніі Галубовіч, які перамог на конкурсе Female in Focus

Фота зробленае ў Харкаве, за 20 км ад лініі фронту — у прытулку для сьмяротна хворых і людзей сталага веку, перамешчаных зь небясьпечнай ці акупаванай расейцамі тэрыторыі.

Ала, якая жыве ў прытулку і якая на гэтым здымку, ужо зь цяжкасьцю арыентуецца ў рэальнасьці, але яна любіць расказваць пра сваю сям’ю, гаворацца ў апісаньні фатаграфіі на сайце конкурсу.

Конкурс, які праводзіцца часопісам British Journal of Photography у партнэрстве з кампаніяй Nikon, мае на мэце пашырыць галасы жанчын-фатографаў па ўсім сьвеце. Сёлета пераможцамі сталі два праекты і 21 асобнае фота.

Ксенія Галубовіч расказала Радыё Свабода пра гісторыю здымка:

«Сябар падказаў мне гэта месца, калі даведаўся, што я еду ў Харкаў. Гісторыі пра людзей, якія страцілі дом праз акупацыю, вельмі блізкія мне. Я пагаварыла, з кім атрымалася, і зьбіралася сыходзіць. Гэта фота было апошнім. Я выпадкова павярнулася і ўбачыла гэты кадр. І мяне гэта зачаравала».

Гледачы таксама могуць прагаласаваць за гэты здымак у катэгорыі «Выбар людзей» на сайце конкурсу.

Ксенія Галубовіч – дакумэнтальная фатографка і кінэматаграфістка, летась запусьціла на YouTube аўтарскі праект Columbus Post.