Сярод прычын росту цэн у Беларусі ў 2025 годзе Нацбанк назваў імпарт інфляцыі з Расеі. А што яшчэ?

Крама ў менску, архіўнае фота

Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, што перавысіла паказчыкі, заплянаныя ўрадам. Цэны ў Беларусі за першы месяц 2026 году вырасьлі на 0,5%.

Як адзначаецца ў артыкуле намесьніка старшыні Нацбанку Беларусі Андрэя Картуна ў Банкаўскім весьніку, «прырост спажывецкіх цэн склаў у 2025 годзе 6,8%, а паскораныя тэмпы інфляцыі назіраліся ў першым паўгодзьдзі, што было абумоўлена ўплывам часовых зьнешніх фактараў, у тым ліку цэнавымі шокамі на прадукты харчаваньня на сусьветным рынку і павышанай інфляцыяй у Расейскай Фэдэрацыі».

Картун піша, што «больш чым на 80% рост спажывецкіх цэн быў зьвязаны з падаражэньнем 20 узбуйненых груп тавараў, пераважна харчовага сэгмэнту — мясная і малочная прадукцыя, садавіна і гародніна, кандытарскія вырабы». Дадала свой унёсак у інфляцыю і беларуская дзяржава, падняўшы кошты на ЖКГ, аўтамабільнае паліва і паслугі пасажырскага транспарту, сьцвярджае ён.

Пры гэтым Нацбанк, піша ён, як мог, стрымліваў інфляцыю, зьніжаючы спажывецкі попыт насельніцтва на фоне павелічэньня яго даходаў спажывецкія крэдыты, акрамя крэдытаў на тавары беларускай вытворчасьці, падаражэлі за год з 14 да 15,6%.

«Гэта дазволіла астудзіць попыт насельніцтва на крэдытныя рэсурсы», — заявіў Картун.

У сваім артыкуле Картун публікуе графік, зь якога вынікае, што за першае паўгодзьдзе 2026 года сэзонныя цэны на садавіну і гародніну ўзьняліся на 16,3%, а ў другім паўгодзьдзі — зьнізіліся на 12,9%. Аміністрацыйна рэгуляваныя цэны і тарыфы ў першым паўгодзьдзі падвысіліся на 5,3%, а ў другім — толькі на 1%.

Цэны растуць і ў 2026 годзе.

Як паведаміў Белстат, у студзені 2026 году ў параўнаньні са сьнежнем 2025-га найбольш павысіліся цэны ў будаўнічым сэктары — на 3,5%. У тым ліку прырост за месяц цэнаў на будаўніча-мантажныя працы склаў 4,6%, на машыны і абсталяваньне цэны панізіліся на 2,2%, на іншыя працы і затраты — вырасьлі на 16,3%. Тарыфы на перавозкі за месяц павысіліся на 0,3%, тарыфы на паслугі сувязі для юрыдычных асобаў і ІП — на 0,4%.

Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў на 2026 год узровень інфляцыі не больш за 7%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ручное кіраваньне замест рэформаў: рэцэпт Лукашэнкі на 2026 год
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя паскараецца: цэны ў Беларусі за першы месяц году вырасьлі на 0,5%