Іран і Расея праводзяць супольныя вайскова-марскія вучэньні на тле напружанасьці паміж Вашынгтонам і Тэгеранам

Іранскі вайсковы карабель падчас вучэньняў у 2019 годзе. Архіўнае фота

Вайскова-марскія сілы Ірану і Расеі праводзяць супольныя вайсковыя вучэньні ў Аманскай затоцы і на поўначы Індыйскага акіяну.

Як паведамілі дзяржаўныя іранскія і расейскія СМІ, карвэт Балтыйскага флёту «Стойкий» знаходзіцца ў порце Бэндэр-Абас у Армускай пратоцы з 14 лютага.

18 лютага Міністэрства абароны Расеі адзначыла, што гэты карабель разам з караблямі вайскова-марскога флёту Ірану правялі вучэньні «Пасэкс» у акваторыі Аманскай затокі.

«Расейскія і іранскія вайсковыя маракі сынхранізавалі дзеяньні для гарантыі бясьпекі цывільнага суднаплаўства», — удакладнілі ў расейскім Мінабароны.

Іранскае агенцтва Mehr паведаміла, што марскія вучэньні Расеі і Ірану таксама заплянаваныя і на 19 лютага.

Раней памочнік расейскага прэзыдэнта Мікалай Патрушаў і агенцтва Tasnim анансавалі на канец лютага супольныя манэўры ў Армускай пратоцы расейскіх, іранскіх і кітайскіх караблёў у межах вучэньняў «Марскі пояс бясьпекі-2026». Яны праводзяцца штогод з 2019 году паводле ініцыятывы Ірану.

Вучэньні адбываюцца на тле напружанасьці ў дачыненьнях Ірану і ЗША. Вашынгтон і Тэгеран спрабуюць дамовіцца аб ядзернай праграме. Прадстаўнікі Ірану гавораць пра прагрэс у перамовах, а ЗША назапашваюць вайсковую сілу на Блізкім Усходзе.

У студзені прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што адправіў да берагоў Ірану «вялікую армаду» на чале з авіяносцам «Аўраам Лінкальн». Паводле CNN, Трамп меркаваў, што можа нанесьці новы ўдар па іранскіх ядзерных аб’ектах.

Вучэньні іранскіх і расейскіх вайскова-марскіх сіл, адзначыла выданьне The Wall Street Journal, праходзяць недалёка ад «Аўраама Лінкальна». Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі пагражаў затапіць авіяносец.

Выданьне Axios паведаміла, што Белы дом блізкі да вайны ў рэгіёне, а кампанію будзе маштабнай і будзе працягвацца некалькі тыдняў і, імаверна, разам з ЗША ў ёй будзе ўдзельнічаць Ізраіль. Паводле адной з крыніц выданьня, Трампу надакучыў працяглы канфлікт зь Іранам. «Частка атачэньня засьцерагае ад вайны зь Іранам, але я думаю, што зь імавернасьцю 90% у найбліжэйшыя некалькі тыдняў мы пабачым баявыя дзеяньні», — сказаў Axios адзін з дарадцаў прэзыдэнта ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў зьмену рэжыму «найлепшым, што можа адбыцца ў Іране»