На пляцоўцы Change.org запушчаная пэтэцыя да Google аб даданьні беларускага галасавога ўводу. Пакуль беларусы вымушаныя карыстацца іншымі мовамі, ужываючы гэты інструмэнт.
«У нас не заўсёды ёсьць магчымасьць адказаць на паведамленьне тэкстам, а галасавы ўвод на нашай роднай мове Google проста не падтрымлівае. Гэта штучны бар’ер, які прымушае нас альбо маўчаць, альбо пераходзіць на чужыя мовы, калі мы карыстаемся клявіятурай Gboard.
Чаму ўкраінская, польская ці казаская мовы маюць гэтую функцыю, а беларуская — не? Мы — мільёны актыўных карыстальнікаў па ўсім сьвеце, і мы ня хочам быць „нямымі“ ў сваіх уласных тэлефонах».
Далей у дакумэнце ідзе пералік, дзеля чаго патрэбнае неадкладнае зьяўленьне беларускай мове ў гэтым сеціўным інструмэнце:
- Для бізнэсу і творчасьці: калі я працую з іголкай ці інструмэнтам, я не магу хутка адказаць кліенту. Гэта забірае час і стварае перашкоды для разьвіцьця малой справы.
- Для штодзённага жыцьця: калі вы за стырном, несяце пакункі ці проста ідзяце па вуліцы — вы павінны мець права карыстацца голасам на роднай мове.
- Для роўнасьці: Google ужо мае ўсе даныя (праз Google Translate і Mozilla Common Voice). Тэхнічных прычынаў для ігнараваньня беларускай мовы няма.
Падпісанты патрабуюць увядзеньня беларускай мовы ў наступнае абнаўленьне галасавога памочніка.
На момант публікацыі гэтага артыкулу пэтыцыя сабрала ўжо 262 подпісы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музэй гісторыі польскіх габрэяў стварыў конкурсы і гіды на беларускай мове