Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка на сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам Беластоку Марэкам Масальскім падзякаваў гарадзкой уладзе за наданьне дзьвюх кватэраў з фонду сацыяльнага жыльля для вызваленых беларускіх экс-палітвязьняў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал АПК.
Адзначаецца, што бакі на сустрэчы «абмеркавалі пытаньні магчымага наданьня часовага месца жыхарства для новых групаў палітычных зьняволеных, калі найбліжэйшым часам адбудзецца іх вызваленьне і Лукашэнка пойдзе на скрайнюю меру — іх выправаджэньне на тэрыторыю Польшчы».
Да атрыманьня міжнароднай абароны ў Польшчы былыя палітвязьні ня маюць права працаваць, што патрабуе дадатковых выдаткаў на іх жыхарства і забесьпячэньне іншай дапамогай.
«Наша ніва» паведаміла, што ў адной з наданых уладамі Беластока сацыяльных кватэраў будзе жыць 64-гадовая экс-палітзьняволеная Галіна Дзербыш, асуджаная ў «справе Аўтуховіча» і вызваленая 11 верасьня 2025 году.
У жанчыны два грамадзянствы — беларускае і польскае. Паводле Галіны, яе прызналі полькай, якая пацярпела ад рэжыму Лукашэнкі.
«Узрадавалася, — кажа яна выданьню „Мост“ пра сваю рэакцыю на выдзяленьне жыльля. — Да гэтага часу не магу паверыць. Заходзіш — пярэдні пакой. Далей — куханька і два пакоі».
Жанчына расказвае, што дом знаходзіцца недалёка ад цэнтра, кватэра — на першым паверсе.
Галіна Дзербыш ужо атрымала ключы ад кватэры і падпісала дамову. У выдзеленым жыльлі яна зможа пражываць пажыцьцёва, аплачваючы толькі камунальныя паслугі. Уехаць яна пакуль ня можа: у кватэры трэба правесьці рамонт (з гэтым дапаможа фонд Dialog) і знайсьці мэблю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўгадзіны рэанімавалі». Што вядома пра сьмерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы