Як адзначаецца на сайце Ўладзіміра Зяленскага, санкцыі супраць «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі» ўвялі за садзейнічанне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.
У прыватнасьці за разгортваньне ў другой палове 2025 году сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па Ўкраіне.
«Працягваецца і разбудова інфраструктуры для разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй далёкасьці — „Арэшніку“, што ёсьць відавочнаю пагрозаю ня толькі для ўкраінцаў, а і для ўсіх эўрапейцаў. Аляксандар Лукашэнка ня толькі надаў тэрыторыю Беларусі для „Арэшніку“. Летась прадпрыемствы краіны пастаўлялі Расеі крытычныя вузлы, кампанэнты і мэханічную базу для гэтай зброі. Гэта працягваецца і ў 2026-м. Аляксандар Лукашэнка ўжо даволі даўно абменьвае сувэрэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка спрыяў залучэньню беларускіх чыноўнікаў ў гвалтоўныя дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ў сваю чаргу заявіў, што ўкраінскі бок верыць «у эўрапейскую будучыню беларускага народу пасьля таго, як ён вызваліцца з-пад прыгнёту Лукашэнкі».
«У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскага трыкутніка разам з Польшчай і Літвой. Беларусь належыць да Эўропы, а не да „рускага міру“», — адзначыў украінскі міністар.
Сьвятлана Ціханоўская назвала ўвод Украінай санкцыяў супраць Лукашэнкі «правільным і своечасовым рашэньнем».
«Я дзякую прэзыдэнту Зяленскаму за прынцыповую пазыцыю. Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком: ён незаконна захапіў уладу і служыць інтарэсам Расеі, а не беларускаму народу. Беларускі народ стаў закладнікам двух дыктатараў», — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе, Лукашэнка «дапамагае Расеі ў злачыннай вайне, вырабляе зброю і, безумоўна, павінен панесьці за гэта адказнасьць згодна зь міжнародным правам».
«Гэта таксама выразнае пасланьне тым, хто атачае Лукашэнку: дапамагаючы яму, вы становіцеся саўдзельнікамі злачынстваў. Беспакаранасьць — тое, што ўзмацняе дыктатараў. І сёньня Ўкраіна паказала, што беспакаранасьці быць не павінна. Вайна павінна быць спыненая, а мір і справядлівасьць — адноўленыя», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць УкраіныЯкія санкцыі ўвяла Ўкраіна
Супраць Лукашэнкі ўвялі 17 абмежаваньняў:
- пазбаўленьне дзяржаўных узнагародаў Украіны і іншых формаў адзначэньня;
- блякаваньне актываў, у тым ліку такіх, якімі Лукашэнка можа распараджацца проста ці ўскосна празь іншых фізычных і юрыдычных асобаў;
- поўнае спыненьне гандлёвых апэрацыяў;
- абмежаваньне, частковае або поўнае спыненьне транзыту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Ўкраіны;
- перадухіленьне вываду капіталаў за межы Ўкраіны;
- спыненьне выкананьня эканамічных і фінансавых абавязкаў;
- спыненьне або прыпыненьне дзеяньня ліцэнзіяў і іншых дазволаў, якія служаць падставай для ажыцьцяўленьня пэўных відаў дзейнасьці, у тым ліку дазволаў на выкарыстаньне нетраў;
- забарона на ўдзел у прыватызацыі, арэндзе дзяржаўнай маёмасьці рэзыдэнтамі замежнай дзяржавы і асобамі, якіх кантралюе Лукашэнка;
- забарона на ўдзел у дзяржаўных конкурсах на пастаўкі прадукцыі, у тым ліку вайсковай;
- забарона заходу замежных невайсковых і вайсковых караблёў у тэрытарыяльныя воды Ўкраіны, яе ўнутраныя воды, парты і самалётаў у паветраную прастору Ўкраіны;
- поўная забарона на апэрацыі з каштоўнымі паперамі, эмісія якіх зьвязаная з Лукашэнкам;
- забарона на рост памеру статутнага капіталу кампаніяў, у якіх падсанкцыйная асоба мае 10 і больш адсоткаў акцыяў;
- спыненьне дзеяньня гандлёвых угодаў, супольных праектаў і прамысловых праграмаў, у тым ліку ў галіне бясьпекі і абароны;
- забарона на перадачу тэхналёгіяў і правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасьці;
- спыненьне культурных абменаў, навуковай супрацы, адукацыйных і спартовых кантактаў;
- адмова ў наданьні і скасаваньне візаў, а таксама іншыя забароны на ўезд ва Ўкраіну;
- забарона на куплю ва ўласнасьць зямельных участкаў.