Віленскі аэрапорт зноў закрывалі праз балёны зь Беларусі

Аэрапорт у Вільні. Архіўнае фота

Раней урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі».

Віленскі аэрапорт 17 лютага з 20:30 да 21:30 (з 21:30 да 22:30 менскага часу) спыняў працу «праз паветраную кантрабанду, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае ў якасьці гібрыднай атакі супраць Літвы», паведаміў партал Delfi.

Паводле яго зьвестак, самалёт з Тэнэрыфэ ў Вільню быў перанакіраваны ў аэрапорт Коўна. Апошні раз аэрапорт Вільні закрывалі на 1 гадзіну 19 хвілін 27 студзеня пасьля ўводу абмежаваньня на палёты праз «гібрыдную атаку супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва» з боку Беларусі.

Уварваньне паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку сьнежня 2025 году стала прычынай неаднаразовага закрыцьця Віленскага аэрапорту, разьмешчанага недалёка ад мяжы. Літва ў адказ практычна поўнасьцю закрывала мяжу зь Беларуссю з 29 кастрычніка па 19 лістапада.

9 сьнежня летась урад Літвы аб’явіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз «гібрыдную атаку Беларусі». Рашэньне прынялі «ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы зь Беларусі запускаюцца паветраныя балёны, якія перавозяць кантрабанду».

Спэцыяльны пасланнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл пасьля вяртаньня ў Вільню зь Менску, дзе 12 і 13 сьнежня праводзіў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму спрыяць спыненьню палётаў метэазондаў зь Беларусі ў Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Літвы заявілі, што праз аднаўленьне запуску паветраных балёнаў зь Беларусі зноў могуць закрыць мяжу

Міністэрства замежных справаў Літвы 28 студзеня выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі для ўручэньня дыпляматычнай ноты пратэсту з прычыны аднаўленьня запуску паветраных балёнаў зь беларускай тэрыторыі.

У МЗС Літвы ацэньваюць парушэньні паветранай прасторы Літвы з боку Беларусі «як сур’ёзныя парушэньні міжнароднага права, якія нясуць пагрозу бясьпецы Літвы і цывільнай авіяцыі».

Згодна з інфармацыяй замежнапалітычнага ведамства Літвы, 27–28 студзеня праз новыя інцыдэнты з кантрабанднымі балёнамі тройчы спынялі працу Віленскага міжнароднага аэрапорту, ад скасаваньня рэйсаў пацярпелі 700 пасажыраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўска-беларускую мяжу закрылі на месяц

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.