Віленская ўстанова «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» выйграла публічны тэндэр на арэнду будынку пад адрасам вуліца Віленская 20-1С — памяшканьня, дзе Беларускі дом (адна зь вядомых назваў будынку) знаходзіцца ўжо 5 гадоў.
Гэта Свабодзе пацьвердзіла кіраўніца ўстановы Людвіка Кардзіс. Паводле яе, папярэдня дамова аб арэндзе будынку заканчваецца 25 сакавіка 2026 году, а новая будзе заключацца на 10 гадоў. З праекту дамовы, якую Беларускі музэй імя І. Луцкевіча атрымаў ад гарадзкога самакіраваньня, арэнда памяшканьня павялічыцца з 121 эўра да 1669 эўра за год.
«За пяць гадоў арэнды будынак ператварыўся ў сапраўдны цэнтар беларускай супольнасьці ійкультуры ў Літве», — кажа Людвіка Кардзіс.
Яна назвала асноўныя дасягненьня супрацоўнікаў музэю, яго валянтэраў і данатараў: праведзены капітальны рамонт, акрамя музэю, пачала дзейнічаць адзіная ў Літве публічная беларуская бібліятэка, працуюць тыднёвая беларуская дзіцячая школка і моўныя курсы, рэгулярна праводзяцца мастацкія імпрэзы і сустрэчы.
«Цяпер рыхтуемся да сьвята беларускай паэзіі й Дня роднай мовы, які адзначым 21 лютага», — расказала пра найбліжэйшыя пляны Людвіка Кардзіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча выклаў ў інтэрнэт уласны архіў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні пачаў працу «Мысьлярскі клюб». Што яшчэ адбываецца на Тыдні беларускай культуры ў Літве. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калектыўна берагчы адно аднога — надзвычай важная праца». Расказваем, чым займаецца Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Літве