Стала вядома пра яшчэ аднаго грамадзяніна Ўкраіны, якога расейскія войскі прымусова вывезьлі і пакінулі ў Беларусі

Барадзянка (Кіеўская вобласьць) пасьля расейскай акупацыі. Ілюстрацыйнае фота

Ён памёр і пахаваны ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці.

Расейскія вайскоўцы ў сакавіку або красавіку 2022 году прымусова вывезьлі з Барадзянкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці грамадзяніна Ўкраіны і пакінулі яго на тэрыторыі Беларусі.

Як стала вядома Свабодзе, гэтага сталага мужчыну, як і іншых украінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь, у часе расейскай акупацыі Барадзянкі трымалі ў мясцовай царкве, на той момант у падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату.

Украінца прывезьлі ў Гомельскую вобласьць, але ў траўні 2022 году перавезьлі ў вёску Холмеч Рэчыцкага раёну і зьмясьцілі ў мясцовы тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Ён жыў у аддзяленьні забесьпячэньня безупыннага знаходжаньня грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, а 9 верасьня 2025 году памёр, маючы 86 гадоў. Украінца пахавалі на мясцовых могілках.

Суд ва Ўкраіне цяпер прызнаў яго памерлым.

У 2023 годзе парафія храму Сьвятога Архістратыга Міхаіла перайшла з Маскоўскага патрыярхату ў Праваслаўную царкву Ўкраіны, а Служба бясьпекі Ўкраіны пачала праверку дзейнасьці яго былога настаяцеля Віктара Талька у спрыяньні расейскім войскам і дапамозе прымусоваму вывазу прыблізна 100 мясцовых жыхароў у Беларусь.

Апроч таго, сьледчыя расьсьледуюць абставіны функцыянаваньня ў падвале гэтай царквы расейскай катоўні. Пакуль дакладна вядома, што там расейцы трымалі трох украінскіх валянтэраў, якія ў канцы сакавіка прывезьлі гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам.

Расейскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі.

У канцы сакавіка, пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў, стала вядома, што перад адыходам расейцы прымусова вывозілі мірных жыхароў у Беларусь, а потым у Расею. Большасьць іх трапілі ў расейскі палон, іншых пакідалі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як некаторыя незаконна вывезеныя ў Беларусь жыхары Гастомелю ня трапілі ў расейскі палон

Праваахоўныя органы Ўкраіны па расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама справы на ўкраінскіх калябарантаў.

Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласьці сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў да цывільнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб сьмерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Ўкраіны, якую расейцы прымусова вывезьлі з-пад Кіева

Раней стала вядома аб сьмерці вывезенай грамадзянкі Ўкраіны ў доме-інтэрнаце для старых у Ветцы Гомельскай вобласьці праз тры месяцы пасьля яе прымусовай дэпартацыі расейскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласьці ў Беларусь.

У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прастрэлілі нагу, зламалі рэбры, трымалі ў маразільніку. Пацярпелы расказаў, як расейцы вывозілі палонных з Кіеўшчыны ў Беларусь