У Беларусі пачаліся вучэньні па мабілізацыйнай гатоўнасьці. Іх праводзяць раз на год

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што 17 лютага пад кіраўніцтвам старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў пачаліся штогадовыя заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасьці.

Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі, яны будуць працягвацца да 20 лютага.

«Мэта — удасканаленьне зладжанасьці дзеяньняў работнікаў мясцовых органаў кіраваньня і арганізацый у ходзе фарміраваньня тэрытарыяльных войскаў і атрадаў народнага апалчэньня», — паведамілі ў ведамстве.

Тэарэтычныя і практычныя мерапрыемствы адбудуцца ва ўсіх раёнах краіны. На іх асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на падрыхтоўцы службовых асоб выканкамаў, ваенкаматаў, арганізацый, а таксама вайсковаабавязаных у пытаньнях фарміраваньня тэрытарыяльных войскаў.

Гэтыя вучэньні праходзяць на тле маштабнай праверкі Ўзброеных сілаў Беларусі, якую з 16 студзеня абвясьціў Аляксандар Лукашэнка. Раптоўная праверка будзе праходзіць да вясны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем ускладняць табе жыцьцё, — Лукашэнка Хрэніну падчас «раптоўнай праверкі» ўзброеных сіл