«Аляксандар Лукашэнка паставіў дакладную задачу — зрабіць асаблівы ўпор на сродкі супрацьдзеяньня БПЛА, бо запусьціць бесьпілётнік па падразьдзелах падчас іх пераходу да абароны, напрыклад, у лесе вельмі складана. А калі яшчэ сродкі электроннай барацьбы будуць глушыць хвалі бесьпілётніка, то ён апынецца зусім бескарысным. Застаецца толькі аўтамат, гранатамёт і кулямёт», — сказаў Аляксандар Вальфовіч у інтэрвію тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
Паводле яго, агнястрэльная зброя ня страціла сваю эфэктыўнасьць. Вальфовіч дадаў, што аўтамат Калашнікава і дагэтуль застаецца «добрай агнявой зброяй», а аўтамат VSK-100 стане беларускай сучаснай зброяй з 100-адсоткавай лякалізацыяй у Беларусі.
Гэтую зброю будуць перадаваць Узброеным сілам і іншым структурам сілавых блёкаў Беларусі.
«Зброяй беларускай вытворчасьці цікавяцца і за мяжой. Асаблівы інтарэс выклікаюць сродкі радыёэлектроннай барацьбы, аптычныя прыцэлы. Танкі Т-72Б3 аснашчаныя новымі сучаснымі прыцэламі „Сасна“. Розныя мадыфікацыі не саступаюць усясьветным аналягам і сродкам навядзеньня на бронеаб’екты. Дзякуючы гэтым прыцэлам сёньня яны становяцца ў лінейку лепшых браніраваных машын у сьвеце», — сказаў Вальфовіч.
Беларускія прадпрыемствы цяпер працуюць пераважана на вайскова-прамысловы комплекс Расеі, каб забясьпечыць яе патрэбы для вайны ва Ўкраіне.
Супраць прадпрыемстваў ВПК Беларусі ў адказ на падтрымку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўвялі міжнародныя санкцыі. Гэтыя абмежаваньні дзейнічаюць супраць больш за 120 кампаній, уключаючы прадпрыемствы Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі. Апроч таго, санкцыі дзейнічаюць і на пастаўкі ў Беларусь тэхналёгій, якія маюць падвойнае выкарыстаньне.
Апроч Расеі, Беларусь актыўна прадае вайсковую прадукцыю ў афрыканскія краіны і краіны Блізкага Ўсходу, у якіх адбываюцца ўнутраныя ўзброеныя канфлікты. Раней беларускія прадпрыемствы таксама экспартавалі зброю ў Сэрбію, Азэрбайджан і Кітай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны