Ціханоўская: Я вырасла ў патрыярхальным грамадзтве, але я кінула яму выклік

Сьвятлана Ціханоўская падчас Сусьветнага форуму па дэмакратыі, тэхналёгіях і будучыні чалавецтва ў Бэрліне разам з былой дзяржаўнай сакратаркай ЗША Гілары Клінтан, экс-прэзыдэнткай Літвы Даляй Грыбаўскайце.

16 лютага лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Сусьветным форуме па дэмакратыі, тэхналёгіях і будучыні чалавецтва, які праходзіць у Бэрліне, паведамляецца ў сацсетках Ціханоўскай.

«Я вырасла ў патрыярхальным грамадзтве, але я кінула яму выклік з любові да майго мужа і нашага народа», сказала беларуская лідэрка падчас выступу ў міжнародным воркшопе «Women’s Progress Dialogue», які праходзіць у межах форуму і прысьвечаны прасоўваньню гендэрнай роўнасьці і падтрымцы жаночага палітычнага ўдзелу.

Падчас сэсіі Сьвятлана Ціханоўская выступіла разам з вядомымі сусьветнымі лідэркамі і праваабаронцамі — былой дзяржаўнай сакратаркай ЗША Гілары Клінтан, экс-прэзыдэнткай Літвы Даляй Грыбаўскайце, прэм’ер-міністаркай Грэнляндыі Алекай Хаманд, былой міністаркай замежных справаў і юстыцыі Ізраіля Цыпі Ліўні, а таксама ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру, журналісткай і праваабаронцай з Емэна Таваккуль Карман.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская нагадала пра 170 беларускіх палітзьняволеных жанчын і згадала гісторыю Марыі Зайцавай — беларускай добраахвотніцы, якая загінула на фронце ва Украіне ва ўзросьце 24 гадоў.

«Больш за 170 беларускіх жанчын застаюцца палітычнымі зьняволенымі. Многія зь іх у белых сукенках стаялі з кветкамі на вуліцах у 2020 годзе. Іншыя былі арыштаваныя за пратэст супраць вайны ў 2022 годзе. У турме яны сутыкаюцца з прыгнётам, жорсткім абыходжаньнем, зьбіцьцём і катаваньнямі. У іх менш правоў, чым у звычайных зьняволеных. Гэта неабходна спыніць. Я вельмі спадзяюся, што наша жаночая салідарнасьць ва ўсім сьвеце дапаможа іх вызваліць. Салідарнасьць паміж жанчынамі — гэта больш, чым дабрыня, гэта сіла. Гэта наша стратэгія. Гэта як мы выстаім».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра тое, ці трэба перастаць жыць 2020 годам, ці назвала б яна сябе фэміністкай і чаму лічыць дзіўнаю заяву Навальнай