Лукашэнка адказаў расейскай выведцы: «Няма сілы, здольнай адарваць Беларусь ад Расеі»

Аляксандар Лукашэнка, люты 2026 году

Аляксандар Лукашэнка скарыстаўся сустрэчай зь дзяржаўным сакратаром так званай «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазьевым, каб, зь яго словаў, адказаць на кансьпіралёгію.

«Тым больш што я выпісаў асноўныя пытаньні, якія дагэтуль вісяць, як гэта журналісты кажуць, на старонках асноўных інфармацыйных рэсурсаў. Я, можа, нават і не зьвяртаў бы на гэта ўвагі, але некаторыя, нават расейцы, пачалі на гэта рэагаваць», — цытуе Лукашэнку БелТА.

У прыватнасьці, Лукашэнка запэўніў, што яго размова з Уладзімірам Пуціным 8 лютага была прысьвечана не паездцы на Раду міру 19 лютага ў ЗША, а паседжаньню найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай саюзнай дзяржавы, якое мае адбыцца 26 лютага.

«Сёньня агляд атрымаў: у Расеі некаторыя гавораць, што нехта спрабуе адарваць Беларусь ад Расеі. Я ня буду нават камэнтаваць. Скажу толькі адно: няма той сілы, якая сёньня здольная адарваць Беларусь ад Расеі і Расею ад Беларусі. Акалічнасьці так склаліся, што яны нас разам зьвязалі, мусіць, на доўгія-доўгія дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі. Хоць, увогуле, нас няма ў чым папракнуць — Беларусь — мы заўсёды арыентаваныя на Расею. Там нашае многае, калі ня ўсё. Там нашыя рэсурсы, там наш рынак, калі пра эканоміку. У нас поўнае адзінства ў гэтым пляне. Дый у палітычным», — сказаў ён.

Лукашэнка пры гэтым заявіў, што будзе ўдзельнічаць у Радзе міру, але пазьней:

«Можа, не ў Вашынгтоне. Дзесьці ў Эўропе ці на Блізкім Усходзе, можа быць, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турэччыне адбудуцца далейшыя пасяджэньні гэтай Рады».

Ён дадаў, што Беларусь традыцыйна трансьлюе мірны парадак дня, заўсёды выступае за мірнае ўрэгуляваньне канфліктаў, і ў гэтым кантэксьце яна гатовая ўдзельнічаць у працы Рады міру.

На мінулым тыдні Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) апублікавала папярэджаньне аб нібыта плянах Захаду што да Беларусі — маўляў, заходнія краіны шукаюць у Беларусі новых «лібэральных пасіянарыяў», якія змогуць аслабіць сувязі Менску і Масквы.

Днямі сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч таксама адрэагаваў на заявы з Масквы аб тым, што ЗША, Вялікая Брытанія, Германія і Польшча нібыта рыхтуюць новую спробу зьмяніць канстытуцыйны лад у Беларусі.

«Нічога новага. Ніводзін урад — ні Польшчы, ні Літвы, ні Латвіі — не ідзе на канструктыўны дыялёг, ня хоча весьці нармальную міжнародную практыку, як гэта прынята ў сьвеце: па лініі міністэрстваў замежных спраў знаходзіць шляхі вырашэньня тых праблемных пытаньняў, якія ёсьць паміж дзьвюма дзяржавамі. Мы не ўшчамляем інтарэсы Польшчы і краін Прыбалтыкі, мы не дыктуем ім, як жыць. І ня трэба нам дыктаваць», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што ня будуць склаўшы рукі назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і згадалі ядзерную зброю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папярэджаньне Лукашэнку? Што насамрэч стаіць за заявай расейскай выведкі пра Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі адказаў на заявы спэцслужбаў і МЗС Расеі