Экс-міністар энэргетыкі Ўкраіны стаў падазраваным у справе аб карупцыі, зьявіліся дэталі

Герман Галушчанка

15 лютага былы міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка быў затрыманы на мяжы.

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны (НАБУ) і Спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) паведамілі былому міністру энэргетыкі Ўкраіны Герману Галушчанку, што ён падазраваны ў справе аб адмываньні сродкаў і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Галушчанку затрымалі 15 лютага пры спробе выехаць за мяжу.

Паводле сьледзтва, у лютым 2021 году на карыбскай высьпе Ангільля (заморская тэрыторыя Вялікай Брытаніі) зарэгістравалі фонд, які меў прыцягнуць каля 100 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Фонд узначаліў грамадзянін Сэйшэлаў, які на прафэсійнай аснове аказваў паслугі ў адмываньні даходаў.

Сярод інвэстараў фонду, як сьцьвярджаецца, была і сям’я Галушчанкі: яго былая жонка і чацьвёра дзяцей — бэнэфіцыяры кампаніяў, створаных на Маршалавых астравах і інтэграваныя ў структуру трасту, зарэгістраванага ў карыбскай Фэдэрацыі Сэнт-Кітс і Нэвіс.

«Гэтыя кампаніі сталі „інвэстарамі“ фонду (купіўшы яго акцыі), а ўдзельнікі злачыннай арганізацыі ў інтарэсах падазраванага сталі пералічваць сродкі на рахункі фонду, адкрытыя ў трох швайцарскіх банках», — гаворыцца ў прэс-рэлізе САП.

Паводле сьледзтва, у пэрыяд знаходжаньня Галушчанкі на пасадзе міністра праз яго давераную асобу, вядомую як Рокет, злачынная арганізацыя атрымала больш за 112 мільёнаў даляраў гатоўкай з супрацьпраўнай дзейнасьці ў энэргетычным сэктары. На рахункі фонду, якімі распараджалася сямʼя падазраванага, як сьцьвярджаецца, пералічана больш за сем мільёнаў даляраў. Яшчэ больш за адзін мільён швайцарскіх франкаў і звыш двух мільёнаў эўра выдалі наяўнымі і пералічылі сямʼі былога міністра наўпрост у Швайцарыі.

Частку гэтых сродкаў патрацілі на аплату навучаньня дзяцей у прэстыжных установах Швайцарыі і размясьцілі на рахунках былой жонкі. Астатнія паклалі на дэпазыт, ад якога сямʼя высокапастаўленага службоўца атрымлівала дадатковы даход, а таксама траціла яго на ўласныя патрэбы, заявілі ў антыкарупцыйнай пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленьне да беларускай апазыцыі? Аналіз Валера Карбалевіча

Карупцыйны скандал у рамках справы «Мідас»

Герман Галушчанка атрымаў пасаду міністра энэргетыкі Украіны ў красавіку 2021 году, а ў ліпені 2025 году перайшоў на пасаду міністра юстыцыі. Пасьля яго сыходу Міністэрства энэргетыкі Украіны ўзначаліла Сьвятлана Грынчук. У лістападзе 2025 году Вярхоўная Рада Ўкраіны звольніла абодвух у сувязі з карупцыйным скандалам вакол украінскага «Энэргаатаму» і бізнэсоўца Цімура Міндзіча.

10 лістапада Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны (НАБУ) заявіла аб раскрыцьці дзейнасьці злачыннай арганізацыі ў дзяржаўнай кампаніі «Энэргаатам». Удзельнікі схемы нібыта патрабавалі ад пастаўнікоў і падраднікаў «Энэргаатаму» «адкаты» ў памеры 10-15% ад сумы кантрактаў, пагражаючы заблякаваць выплаты за ўжо пастаўленыя тавары і паслугі або пазбавіць статусу пастаўніка. Удзельнікі схемы нібыта таксама адмывалі грошы, прызначаныя для абароны энэргетычных аб’ектаў «Энэргаатаму» ад расейскіх удараў.

11 лістапада НАБУ паведаміла пра затрыманьне пяці чалавек у сувязі з справай «Энэргаатаму», у тым ліку дзейных і былых чыноўнікаў. Арганізатарам схемы сьледчыя назвалі бізнэс-партнэра прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і суўладальніка «95 Квартала» Цімура Міндзіча (ён фігуруе ў праслухоўваньні пад псэўданімам «Карлсан»). Міндзіча не затрымалі, бо яму ўдалося зьехаць за мяжу, пазьней журналісты знайшлі яго ў Ізраілі; пасьля раскрыцьця схемы Зяленскі ўвёў супраць яго санкцыі. Былы міністар энэргетыкі Герман Галушчанка фігуруе ў праслухоўваньнях НАБУ як «Прафэсар».

У рамках справы «Энергаатаму» былы віцэ-прэмʼер-міністар Украіны Аляксей Чарнышоў арыштаваны на два месяцы, былы міністар абароны Рустэм Умераў дапытаны, а ў былога кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака адбыўся вобшук, неўзабаве ён падаў у адстаўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік адміністрацыі Зяленскага падаў у адстаўку. Ужо ёсьць указ аб ягоным вызваленьні з пасады