Марыю Жодзік прызналі спартоўкай 2025 году паводле вэрсіі Падляскай алімпійскай рады

Марыя Жодзік, архіўнае фота

У Беластоку адбыўся ўрачысты гала-канцэрт Падляскай алімпійскай рады, на якім падвялі вынікі спартовага году і назвалі найлепшых атлетаў рэгіёну.

Галоўную ўзнагароду — званьне спартоўкі 2025 году — атрымала ўраджэнка Баранавічаў, лёгкаатлетка Марыя Жодзік, якая цяпер прадстаўляе польскі клюб «Падляшша» зь Беластоку.

У мінулым сэзоне Жодзік пасьпяхова выступала на міжнароднай арэне і прадстаўляла Польшчу на камандным чэмпіянаце Эўропы, дзе дапамагла зборнай заваяваць срэбны мэдаль. Яе стабільныя вынікі і высокі ўзровень выступленьняў сталі ключавымі чыньнікамі пры вызначэньні пераможцы, адзначае Беларускі фонд спартовай салідарнасьці.

Гэта рэгіянальнае прызнаньне спартовых посьпехаў 28-гадовай Жодзік. У кастрычніку яе назвалі найлепшай лёгкаатлеткай ва ўсёй Польшчы.

У 2020 годзе Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь.

Цяпер Марыя жыве і трэнуецца ў Беластоку. У 2024 годзе ёй далі польскае грамадзянства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслабленьне санкцый МАК, футбольны клюб дыяспары, мэдаль Жодзік. Вынікі 2025 году для беларускага спорту