«Усе аварыйныя брыгады знаходзяцца на месцы, працуюць, але, на жаль, шкода пасьля абстрэлаў Узброеных Сіл вельмі вялікая і вельмі сур’ёзная», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.
Гладкоў падкрэсьліў, што ў гэтых дамах ёсьць падача халоднай вады, «адвод сьцёкавых вод, газа, — цепла- і электразабесьпячэньне з дапамогай пастаянных або рэзэрвовых крыніц энергазабесьпячэньня». Пры гэтым у суботу і нядзелю магчымыя адключэньні электраэнэргіі з прычыны рамонтных работ.
У пятніцу ўвечары Белгарад трапіў пад ракетны абстрэл, у выніку якога, паводле зьвестак уладаў, два чалавекі загінулі і яшчэ пяць атрымалі раненьні.
«У выніку абстрэлу ёсьць сурʼёзныя пашкоджаньні энэргетычнай інфраструктуры. Былі адключаны электрычнасьць, цяпло- і водазабесьпячэньне», — сказаў тады Гладкоў.
Белгарадзкае выданьне «Эпель» піша, што па ЦЭЦ пацярпела. У апошнія тыдні ўкраінскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць энэргетычныя абʼекты ў Белгарадзе, праз што ў горадзе рэгулярна адбываюцца адключэньні электрычнасьці.
Расейскія вайскоўцы штодня наносяць удары па энэргетычных абʼектах ва Украіне, што рэгулярна пакідае жыхароў розных рэгіёнаў, у тым ліку Кіева, без электрычнасьці, а часам таксама без цяпла і вады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога міністра энэргетыкі Украіны затрымалі пры спробе пакінуць краіну