Былога міністра энэргетыкі Украіны затрымалі пры спробе пакінуць краіну

Герман Галушчанка

У ноч на нядзелю, 15 лютага, былы міністар энэргетыкі краіны Герман Галушчанка быў затрыманы пры спробе пакінуць Украіну. Пра гэта пішуць украінскія СМІ, у тым ліку «РБК-Украіна» і «Украінская праўда» са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле «Украінскай праўды», Галушчанку зьнялі з цягніка, бо ў памежніка быў запыт ад Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны (НАБУ) аб атрыманьні інфармацыі аб запыце Галушчанкі на перасячэньне мяжы.

НАБУ пацьвердзіла, што падчас перасячэньня дзяржаўнай мяжы дэтэктывы бюро затрымалі былога міністра энэргетыкі ў рамках справы «Мідас». «Першачарговыя сьледчыя дзеяньні, якія выконваюцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства і санкцыі суда, працягваюцца», — гаворыцца ў заяве бюро.

Паводле крыніц сьледчага праекта ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы», былога міністра прывозяць у Кіеў з мэтай правядзеньня сьледчых дзеяньняў, у тым ліку ўручэньня падазраванага і абраньня меры стрыманьня.

Герман Галушчанка атрымаў пасаду міністра энэргетыкі Украіны ў красавіку 2021 года, а ў ліпені 2025 года перайшоў на пасаду міністра юстыцыі. Пасьля яго сыходу Міністэрства энэргетыкі Украіны ўзначаліла Сьвятлана Грынчук. У лістападзе 2025 года Вярхоўная Рада Украіны звольніла абодвух у сувязі з карупцыйным скандалам вакол украінскага «Энергаатама» і бізнэсоўца Цімура Мындыча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рубіё запэўніў Зяленскага ў прыхільнасьці ЗША, але папярэдзіў пра «цяжкія» саступкі

10 лістапада Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) заявіла аб раскрыцьці дзейнасьці злачыннай арганізацыі ў дзяржаўнай кампаніі «Энэргаатам». Удзельнікі схемы нібыта патрабавалі ад пастаўшчыкоў і падрадчыкаў «Энэргаатама» адкаты ў памеры 10-15% ад сумы кантрактаў, пагражаючы заблякаваць плацяжы за ўжо пастаўленыя тавары і паслугі або пазбавіць статусу пастаўшчыка. Удзельнікі схемы нібыта таксама адмывалі грошы за абарону энэргетычных аб’ектаў «Энэргаатама» ад расейскіх удараў.

11 лістапада НАБУ паведаміла пра затрыманьне пяці чалавек у сувязі са справай «Энэргаатама», у тым ліку дзеючых і былых чыноўнікаў. Арганізатарам схемы сьледчыя назвалі бізнэс-партнэра прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага і суўладальніка «95 Квартала» Цімура Мындыча (ён фігуруе ў праслухоўваньні пад псэўданімам «Карлсан»). Мындыча не затрымалі, бо яму ўдалося зьехаць за мяжу, пазьней журналісты знайшлі яго ў Ізраілі; пасьля раскрыцьця схемы Зяленскі ўвёў супраць яго санкцыі. Былы міністар энэргетыкі Герман Галушчанка фігуруе ў праслухоўваньнях НАБУ як «Прафэсар».

У рамках справы «Энергаатама» былы віцэ-прэмʼер-міністар Украіны Аляксей Чарнышоў быў арыштаваны на два месяцы, былы міністар абароны Рустэм Умераў быў дапытаны, а ў былога кіраўніка офісаа прэзыдэнта Украіны Андрэя Ярмака адбыўся вобшук. Неўзабаве пасьля гэтага Ярмак падаў у адстаўку.