13 лютага Эўрастат — статыстычнае агенцтва ЭЗ — апублікаваў інфармацыю аб зьнешнім гандлі Эўразьвязу зь іншымі краінамі сьвету, у тым ліку і зь Беларусьсю, у 2025 годзе.
На наступным графіку прадстаўленая дынаміка экспарту тавараў зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу за апошнія 7 гадоў.
З графіку відавочнае істотнае падзеньне продажу беларускіх тавараў у краіны ЭЗ. У параўнаньні з 2021 годам — апошнім даваенным годам — беларускі экспарт ў ЭЗ у 2025 зьнізіўся амаль у 14 разоў. Ён істотна ўпаў — больш, чым утрая — нават адносна пазамінулага, 2024 году.
Наступны графік паказвае, як зьмяніўся за два мінулыя гады экспарт зь Беларусі ў тыя краіны ЭЗ, якія найбольш купляюць беларускія тавараў.
З самымі буйнымі пакупнікамі — Польшчай і Латвіяй — беларускі экспарт за год скараціўся прыкладна ўтрая, настолькі ж, наколькі і з усім ЭЗ. Але зь некаторымі традыцыйнымі партнэрамі падзеньне было больш значным — беларускі экспарт тавараў у Нямеччыну скараціўся за год у 4 разы, у Чэхію — у 5 разоў. Ён заўважна зьнізіўся ў Вугоршчыну, нягледзячы на больш цёплыя адносіны Менску з Будапэштам, чым зь іншымі сталіцамі ЭЗ і з Брусэлем.
Варта дадаць, што даволі вялікім быў у апошнія гады беларускі экспарт тавараў у Нарвэгію — эўрапейскую краіну, якая не ўваходзіць у ЭЗ. У 2024 годзе беларускі экспарт у Нарвэгію склаў 181 мільён эўра, у 2025 годзе — 223 мільёны эўра. У адну Нарвэгію Беларусь летась прадала тавараў на суму, большую за палову беларускага экспарту тавараў ва ўсе 27 краінаў Эўразьвязу.
Шмат у чым адрозная карціна — зь імпартам тавараў у Беларусь з краінаў Эўразьвязу.
Тут падзеньня не назіралася да 2025 году. У 2023 годзе імпарт у Беларусь з ЭЗ быў рэкордна высокім, у іншыя гады, пачынаючы з 2021 году, трымаўся прыблізна на адным узроўні. А ў 2025 годзе адбыўся ўсё ж абвал. У параўнаньні і з даваенным 2021 годам, і з папярэднім 2024 годам, набыцьцё Беларусьсю тавараў у ЭЗ у 2025 годам зьнізіліся прыкладна на 40%. Гэта істотнае падзеньне, але не падзеньне ў разы, як гэта адбылося зь беларускім таварным экспартам у ЭЗ.
Наступны графік паказвае, як выглядала дынаміка імпарту ў дзясятцы самых буйных імпартэраў ЭЗ.
Найбольш істотнае падзеньне — амаль утрая — адбылося зь нямецкім імпартам. У іншых буйных імпартэраў — Польшчы, Літвы, Італіі — пастаўкі тавараў у Беларусь за год зьменшыліся прыкладна на 40%, як і па ўсім ЭЗ. У іншых фігурантаў ТОР-10 імпартэраў, акрамя Славеніі, пастаўкі зьнізіліся не на шмат, але яны ў гэтых краін не былі значнымі і раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт зьнешняга гандлю $1,5 млрд не катастрофа, але ёсьць нюансы, — эканамічны аглядальнік МахоўскіЭканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі патлумачыў у нядаўнім інтэрвію Свабодзе, што эканамічныя санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі маюць на мэце абмежаваньне пераважна беларускага экспарту, а не імпарту з ЭЗ у Беларусь.
Гэта пацьвярджаецца і дынамікай узаемнага гандлю таварамі, якая пададзеная вышэй. Таварны экспарт Беларусі з ЭЗ зьнізіўся за 4 гады ў 14 разоў, імпарт з ЭЗ — толькі на 40%, прычым пераважна за 2025 год.
Зьвяртае на сябе ўвагу, што краіны Эўразьвязу, якія займаюць найбольш жорсткую пазыцыю ў санкцыях супраць Беларусі — Польшча і краіны Балтыі —застаюцца найбольшымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі ў ЭЗ. Яны і найбуйнейшыя імпартэры тавараў з ЭЗ у Беларусь, і галоўныя накірункі беларускага экспарту ў ЭЗ. Хаця памеры і таго і іншага сталі істотна меншымі ў параўнаньні з даваеннымі часамі.