«У Беларусі вайскоўцы выпрабавалі расейскі перахопнік бесьпілётнікаў „Молат“, які запускаецца з ручной пускавой устаноўкі», — паведаміла ўкраінскае выданьне «Мілітарний».
Паводле выданьня, у пачатку лютага выпрабоўвалі 59 розных комплексаў для барацьбы зь бесьпілётнікамі. «Да выпрабаваньняў дапусьцілі расейскі комплекс „Молат“ ад кампаніі Nova Labs», — адзначаецца ў паведамленьні.
Чыноўнікам на беларускім палігоне паказалі зьбіты расейскі дрон «Гербера», а справа ад яго -- адзін з элемэнтаў дрона-перахопніка «Молат», 12 лютага 2026
Свабода 12 лютага зьвярнула ўвагу на публікацыю Міністэрства абароны Беларусі, у якой паведамлялася аб вучэньнях на адным з палігонаў, дзе свае баявыя навыкі адпрацоўвалі вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Назіраць за гэтым прыяжджалі міністар абароны Віктар Хрэнін, прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын і дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
На адным з фота чыноўнікі разглядалі бесьпілётнікі, падобныя на расейскія — баявы «Гербера» і «Молат-Брытва» — кінэтычны дрон-перахопнік. Пры гэтым на дроне «Гербера» бартавы нумар быў адмыслова «зацёрты». У кадар побач з баявым дронам трапіў адзін з элемэнтаў, які падобны на тыя, што ёсьць у канструкцыі дронаў-перахопнікаў «Молат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’еру Беларусі паказалі, як зьбіваюць бесьпілётнікі. Яны падобныя на расейскія «Герберу» і «Молат-Брытва»