Ціханоўская: пытаньне Беларусі павінна быць часткай усіх перамоваў пра бясьпеку ў рэгіёне

Сьвятлана Ціханоўская ў часе панэльнай дыскусіі на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы, 14 лютага 2026

Сьвятлана Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі «Беларусь у цэнтры ўвагі» на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы.

Разам зь ёй у дыскусіі ўдзельнічалі міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, сэнатар ЗША Пітэр Уэлч і дырэктарка Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў Гвэндолін Засэ, паведамілі ў Telegram-канале Сьвятланы Ціханоўскай.

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская назвала ключавыя прыярытэты міжнароднай палітыкі датычна да Беларусі, якія павінны грунтавацца на вызваленьні палітвязьняў без легітымізацыі рэжыму, падтрымцы беларусаў у выгнаньні, а таксама з улікам рызыкі страты сувэрэнітэту праз вайсковую інтэграцыю з Расеяй.

«Кожнае вызваленьне ратуе жыцьцё, але гуманітарныя вынікі нельга блытаць з палітычнай „нармалізацыяй“. Ужо вызвалена каля 300 чалавек, але прынамсі тысяча ўсё яшчэ застаецца за кратамі, і рэпрэсіўная машына працягвае працаваць: замест вызваленых людзей затрымліваюць новых. Гуманітарныя крокі не павінны азначаць прызнаньне рэжыму», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што беларусам, якія апынуліся за мяжой праз палітычны перасьлед, патрэбная дапамога — стабільны прававы статус, дакумэнты для падарожжаў, доступ да адукацыі, працы і банкаўскіх паслуг.

«Нам трэба балянсаваць ціск на рэжым з падтрымкай людзей, каб заставацца моцнай альтэрнатывай „расейскаму сьвету“ і падрыхтаваць для беларусаў лепшую будучыню», — адзначыла яна.

Сьвятлана Ціханоўская таксама дадала, што сувэрэнітэт Беларусі застаецца пад пагрозай праз вайсковую інтэграцыю з Расеяй. «Эўропа разумее, што пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, гэта будзе пастаянная пагроза бясьпецы межаў Эўрапейскага Зьвязу. Пытаньне Беларусі павінна быць часткай усіх перамоваў пра бясьпеку ў рэгіёне», — мяркуе яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Рубіё: у нас няма пэўнасьці ў сур’ёзнасьці намераў расейцаў завяршыць вайну ва Ўкраіне