Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на Міністэрства абароны Ўкраіны.
З гэтай сумы больш за 6 мільярдаў будуць перададзены ў канкрэтных пакетах дапамогі, у тым ліку больш за 2,5 млрд даляраў на ўкраінскія дроны, больш за $500 млн па праграме прыярытэтных патрэбаў (PURL), 2 млрд даляраў на СПА, а таксама сродкі на артылерыйскія боепрыпасы, падрыхтоўку, марскія магчымасьці і іншыя напрамкі.
Акрамя таго, Украіна дамовілася «з шэрагам эўрапейскіх партнэраў» аб тэрміновай пастаўцы ракет для сыстэм СПА Patriot са сваіх запасаў, паведаміў міністар абароны Ўкраіны Ўладзімір Фёдараў.
Мінабароны Ўкраіны расказала, хто колькі выдзеліць
Фёдараў таксама прывёў сьпіс краін і аб’ём сродкаў, якія яны выдзеляць. Нямеччына ў рамках свайго бюджэту на дапамогу Украіне ў 14 мільярдаў даляраў выдзеліць ня менш як адзін мільярд на закупку дронаў, а таксама прафінансуе праект «купалу» СПА над украінскімі гарадамі і праект дронава-штурмавых падразьдзяленьняў, паведаміў Фёдараў.
Вялікая Брытанія ў 2026 годзе дасьць Украіне дапамогу ў памеры 4 мільярдаў даляраў, Нарвэгія ў 2026 годзе вылучыць на дапамогу Ўкраіне 7 млрд даляраў, зь якіх 1,4 мільярда пойдуць на дроны, 700 мільёнаў на СПА, 200 мільёнаў на артылерыю.
Нідэрлянды абавязаліся вылучыць як мінімум 0,25% ВУП на абарону Ўкраіны ў 2026 годзе і анансавалі ўнёсак у 100 мільёнаў даляраў на PURL. Бэльгія дасьць 1,2 млрд даляраў, Швэцыя — 4,3 млрд, Данія — 2,4 млрд, Гішпанія — 1,4 млрд. Латвія і Эстонія накіруюць ня менш як 0,25% уласнага ВУП на ўзмацненьне абароны Ўкраіны, паведаміў Фёдараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі канцлер Мэрц: Стары сусьветны парадак «больш не існуе»