Ужо сёньня: дзень народзінаў пісьменьніка Міхася Стральцова

Міхась Стральцоў

Падзеі 14 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

14 лютага 1937 году нарадзіўся Міхась Стральцоў, беларускі пісьменьнік, крытык, перакладчык. Сярод кніг Стральцова — празаічныя зборнікі «Блакітны вецер», «Сена на асфальце», «Падарожжа за горад», зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Яшчэ і заўтра», «Мой сьвеце ясны», кнігі выбраных твораў «На ўспамін аб радасьці», «Выбранае». Таксама пісьменьнік перакладаў на беларускую мову творы Аляксандра Пушкіна, Барыса Пастарнака, Нікаляса Гільена, Пабла Нэруды і інш.

Пасьмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Мой сьвеце ясны».

У памяць пра Міхася Стральцова ў 2012 годзе быў заснаваны міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце». Сёньня ён адкрыецца ў Варшаве.

Таксама ў гэты дзень

269 — згодна зь легендай, у гэты дзень пакараны сьмерцю за парушэньне загаду імпэратара Клаўдзія аб бясшлюбнасьці для вайскоўцаў хрысьціянскі сьвятар Валянцін. Ён таемна вянчаў закаханых і за гэта быў асуджаны на сьмерць. Што праўда, гістарычных доказаў гэтаму няма, а рамантычны характар дня сьвятога Валянціна сфармаваўся толькі ў сярэднявеччы.

1834 — у францускім Ліёне пачаўся страйк ткачоў, падчас якога ўпершыню быў узьняты чырвоны сьцяг як сымбаль рэвалюцыйнай барацьбы працоўных.

1876Аляксандар Грэм Бэл запатэнтаваў тэлефон.

1924 — у Вільні пачала выдавацца газэта «Голас беларуса».

1924 — кампанію CTR, якая існавала з 1911 году, перайменавалі ў International Business Machines Corporation. Ад гэтай даты вядзецца адлік знанага кампутарнага брэнду IBM.

Офіс IBM у Чыкага

1946 — у лябараторыі балістычных дасьледаваньняў Арміі ЗША запусьцілі першы электронны кампутар ENIAC, так пачалася кампутарная эра ў гісторыі чалавецтва.

1948 — утварылася Згуртаваньне беларусаў у Аўстрыі.

1956 — пачаўся XX зьезд КПСС, дзе прагучаў даклад Мікіты Хрушчова з асуджэньнем культу асобы Сталіна.

ХХ зьезд КПСС

1989 — іранскі рэлігійны правадыр аятала Хамэйні абвясьціў фатву на брытанскага пісьменьніка Салмана Рушдзі за абразу ісламу ў кнізе «Сатанінскія вершы».

2005 — створаны сэрвіс YouTube.

У гэты дзень нарадзіліся

1869 Чарлз Вільсан, брытанскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1927).

1905Уладзімер Дзядзюшка, актор тэатру і кіно.

1906Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.

Мікалай Улашчык. «Даць народу гісторыю». Зборнік дакумэнтаў. Укладальнік Міхась Скобла

1907Алесь Звонак, беларускі паэт.

Алесь Звонак

Цяжкія хмары цьмянай плашчаніцай
Укрылі спахмурнелы небакрай.
Зямля сьпякотнай смагаю дыміцца
І перуны здалёк грымяць: пара!

Пара! Зямля набракла прадчуваньнем
Грымот шалёных, гулу навальніц,
І прагай да братэрства і яднаньня,
І ўваскрашэньнем храмаў і капліц,

Каб тлумны сьвет хлусьні і ачмурэньня,
Абноўлены, атрос нарэшце тлен
Дагматыкі, зьнявагі, прыніжэньня,
На поўны рост узьняўшыся з калень.

Каб, скінуўшы ланцуг дактрын іржавых,
Тандэтных ісьцін спарахнелы друз,
Я мог сказаць бяз боязі расправы:
Я вольны сын свабоднае дзяржавы,
Я — БЕЛАРУС!

1913Віталь Цьвірка, народны мастак Беларусі.

1914 Павал Масьленікаў, беларускі жывапісец, тэатральны мастак, пэдагог.

1956Уладзімер Ягоўдзік, беларускі пісьменьнік.

У памяці

1984Язэп Найдзюк, беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец.

1989Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі нацыянальны дзеяч, у 1971–1982 гадах старшыня Рады БНР.

Журналісты Беларускай службы Радыё Свабода Сымон Кабыш, Пятро Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч

2014 Гаўрыла Вашчанка, народны мастак Беларусі.

Гаўрыла Вашчанка