Кіно па разнарадцы. Як прайшла прэм’ера фільму прапагандыста Азаронка

Аляксандар Чаркашын, начальнік асобнай групы Слаўгарадзкага раёну Чавускага раённага вайсковага камісарыяту на прэм’еры фільму Грыгорыя Азаронка, 12 лютага 2026 году

12 лютага па ўсёй Беларусі прайшла прэм’ера фільму «Душа абаронцы», які зрабіў вядомы прапагандыст, супрацоўнік СТВ Грыгорый Азаронак.

Аб прэм’ерных паказах напісалі ўсе дзяржаўныя СМІ — раённыя, абласныя і агульнадзяржаўныя выданьні.

Сярод гледачоў дзеці і чыноўнікі, а на сцэне — спэцназаўцы

У Менску і абласных цэнтрах залі былі больш-менш запоўненыя, а ў раённых гарадах, як вынікае з фатаздымкаў мясцовых выданьняў, ахвочых паглядзець прапагандысцкі фільм было няшмат. Гледачы там пераважна школьнікі.

Байцы АМАПу на сцэне перад прэм'ерай фільму Грыгорыя Азаронка ў Бабруйску

Ува ўсіх гарадах прэм’ера праходзіла паводле аднаго узору: перад паказам выступалі прадстаўнікі мясцовых ваенкаматаў, уладаў, цэнтраў культуры і кінатэатраў. У Бабруйску і Віцебску на сцэне сваё «майстэрства» паказвалі супрацоўнікі АМАПу і атраду спэцыяльнага прызначэньня «Віцязь».

Цана квіткоў ад 3 да 6 рублёў. Для дзяцей зьніжкі

У Астраўцы Горадзенскай вобласьці паглядзець Азаронка можна было за 3,5 рубля, а ў Іўі — за 3. У Вушачы Віцебскай вобласьці — 2 рублі для дарослых і адзін рубель для дзяцей да 16 гадоў.

На прэм’еры ў Карэлічах — выхаванцы патрыятычнага клюбу «Праўнукі Перамогі»

У Менску цана квіткоў вагаецца ад 6 да 11,5 рубля. Фільм дэманструюць 11 сталічных кінатэатраў, некаторыя нават па два сэансы на дзень. Такая ж цана ў двух кінатэатрах Берасьця і Магілёва.

Хто зрабіў фільм

Фільм зьнялі на «Беларусьфільме» ў 2025 годзе. Яго стварэньне прафінансавалі фактычна зь дзяржаўнага бюджэту: пры падтрымцы Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў і Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Грыгорый Азаронак на прэм’еры свайго фільму ў Менску

Фільм працягласьцю 40 хвілін мае ўзроставае абмежаваньне 12+. Грыгорый Азаронак, які стаў тварам прапаганды Беларусі, выступае як яго рэжысэр. Рэдактарам стужкі стаў Артур Ільіных — беларускі рэжысэр, сцэнарыст, выкладчык, вядомы сваімі фільмамі вайсковай тэматыкі: «Масква — Бэрлін», «Чалавек вайны», «Апошні браняпоезд» і «Берасьцейская крэпасьць». Кансультантам стаў яшчэ адзін прарасейскі прапагандыст, цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гігін заявіў, што гэта зь ягонай ініцыятывы «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча выключылі са школьнай праграмы

Пра што стужка

У анатацыі «Беларусьфільму» сказана, што гэты фільм «глыбока дасьледуе тэму абароны Радзімы праз раскрыцьцё асобаў тых, хто першымі становяцца на абарону краіны ў момант небясьпекі».

У фільме выкарысталі відэазапісы з розных вайсковых вучэньняў.

У Барысаве на прэм’еру прыйшлі прадстаўнікі прадпрыемства «Барысаўдрэў»

Што кажуць гледачы

У афіцыйнай прэсе толькі захопленыя водгукі.

«Гэта фільм пра любоў да Радзімы, якая, як браня, робіць нашых воінаў непераможнымі», — напісала раённае выданьне slavgorod.by.

«Гэта напамін цаніць тое, што маем, і быць удзячнымі тым, хто штодзень захоўвае гэты мір для нас», — вушацкая газэта «Патрыёт».

«На варце нашай Радзімы стаяць надзейныя, моцныя і адданыя сваёй справе людзі, і гэта дае ўпэўненасьць у заўтрашнім дні», — дрыбінская газэта «Савецкая вёска».

У сацыяльных сетках успрынялі гэты фільм як чарговую нікому не патрэбную прапаганду.

Сярод камэнтароў пад допісамі з афіцыйнымі відэасюжэтамі пра прэм’еру карыстальнікі пакінулі наступныя камэнтары:

«Калі ў сучаснасьці няма чым ганарыцца краіне, яна выцягвае навонкі патрыятызм і ворагаў».

«На каго гэта разьлічана ўвогуле? [...] калі-небудзь вылезуць з саўка?».

«Касавыя зборы, напэўна, „перасягнуць“ Аватар і Фарсаж!))) гэта ж „шэдэўр“, а ня нейкі Галівуд!)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Твар беларускай прапаганды. Гісторыя жыцьця Рыгора Азаронка