Сьцісла
- Ужо два расейскія ведамствы дуэтам выступілі з папярэджаньнем аб спробах дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі.
- Масква прызнае, што дэмакратычная Беларусь не захоча быць у саюзе з Расеяй.
- Непакой у Крамлі выклікаюць новыя адносіны паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам, а таксама зьмена палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі.
Такая рэакцыя Масквы — вынік перамоўнага працэсу паміж Менскам і Вашынгтонам, а таксама намацваньнем саюзу Кіева зь беларускай апазыцыяй.
9 лютага Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) выступіла з заявай, у якой папярэдзіла, што Захад чарговы раз рыхтуе «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі. 12 лютага гэтую інфармацыю пацьвердзіла і разьвіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў РФ Марыя Захарава. На чарговым брыфінгу яна абрынулася на Захад, які нібыта імкнецца адарваць Беларусь ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што ня будуць склаўшы рукі назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і згадалі ядзерную зброюТакім чынам, ужо два расейскія ведамствы (СВР і МЗС) дуэтам выступілі з папярэджаньнем, накіраваным супраць спробаў дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Наўрад ці гэта можна лічыць выпадковым. Крэмль расстаўляе акцэнты і фіксуе пазыцыю.
Нельга сказаць, што гэта прынцыпова новая лінія Расеі. Але, здаецца, упершыню Масква так катэгарычна ставіць пытаньне на публічным узроўні. Прадстаўніца расейскага МЗС жорстка ўвязвае дэмакратыю з геапалітыкай. Захарава не хавае, што дэмакратычная Беларусь не захоча быць у саюзе з Расеяй:
«Прыход там да ўлады заходніх агентаў, безумоўна, перакрэсьліў бы ўсе дасягненьні інтэграцыйнага будаўніцтва нашай зь Беларусьсю Саюзнай дзяржавы».
Таму Крэмль ня мае намеру «сядзець склаўшы рукі і назіраць за ўсім гэтым». Асноўны сэнс заявы Марыі Захаравай ў тым, што Расея не дапусьціць дэмакратызацыі Беларусі і будзе процідзейнічаць ёй сілаю.
Другі важны тэзіс Захаравай у перакладзе на зразумелую мову. Калі Захад паспрабуе падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, то РФ гатовая да вайны з заходнімі краінамі нават з ужываньнем ядзернай зброі. Захарава спасылаецца на міждзяржаўную Дамову аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы», якая ўступіла ў сілу ў сакавіку 2025 году, а таксама на расейскі дакумэнт «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі ў галіне ядзернага стрымліваньня» ад 19 лістапада 2024 г.
То бок расейскія высновы выглядаюць так: калі хочаце міру, то згаджайцеся з дыктатурай, бо ўстанаўленьне дэмакратыі тут прывядзе да ваеннага канфлікту.
Паўстае натуральнае пытаньне: з чаго раптам у Маскве замітусіліся? Здавалася б, апошнім часам не зьявілася ніякіх падзеяў ці чыньнікаў, якія ставілі б пад пагрозу стабільнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму не да канца зразумела, адкуль у Крамлі ўзьніклі такія страхі і асьцярогі стасоўна Беларусі.
Можна выказаць думку, што занепакоілі Маскву два працэсы. Па-першае, гэта новыя адносіны паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам. Пакуль дыялёг тычыўся павольнага вызваленьня палітвязьняў у абмен на скарачэньне санкцыяў, Расея глядзела на гэта спакойна. Але працэс супрацоўніцтва пачаў набываць нейкія няхай эфэмэрныя, але інстытуцыйныя формы (Рада міру), Дональд Трамп запрасіў Аляксандра Лукашэнка прыехаць у ЗША. Таму ў Маскве, праўдападобна, пачалі хвалявацца. Пра гэта ўскосна сьведчыць наступная рэпліка Марыі Захаравай:
«Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх імкненьняў адарваць любымі спосабамі брацкую нам Рэспубліку ад Расеі і рыхтуюцца да „рэваншу“, відаць, чакаючы зручнага моманту».
Па-другое, гэта рэакцыя Расеі на зьмену палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі, намацваньне саюзу Кіева зь беларускай апазыцыяй. Вядома, усё, што робіць Уладзімір Зяленскі, выклікае моцную алергію ў Маскве. І тут ідзецца ня толькі пра сустрэчу ўкраінскага прэзыдэнта зь Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, запрашэньне беларускай дэмакратычнай лідэркі наведаць Кіеў. Апошнім часам Зяленскі стаў актыўна апэляваць да Эўропы з заклікам падтрымаць беларускае грамадзтва ў яго барацьбе з прарасейскай дыктатурай.
Усё гэта разам узятае і выклікала такую бурлівую рэакцыю ў Маскве.
Аднак у Менску на гэтыя крыкі з Масквы адрэагавалі толькі прапагандысты. На афіцыйным узроўні рэакцыя даволі халодная. Бо неяк ня вельмі зручна ўсьлед за Расеяй выкрываць інтрыгі і падкопы Захаду ў момант, калі міністар замежных справаў Беларусі рыхтуецца да паездкі ў Вашынгтон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папярэджаньне Лукашэнку? Што насамрэч стаіць за заявай расейскай выведкі пра Беларусь