Пачатковая цана на аўкцыёне складала 376,8 тысячы рублёў. Да таргоў былі дапушчаны 15 удзельнікаў. Інфармацыя аб гэтым разьмешчана на сайце «БелЮрЗабесьпячэньне». Таргі працягнуліся да 2-й гадзіны ночы. У выніку нерухомасьць прадалі за 661 285 рублёў.
У гэтай кватэры ў Менску раней была зарэгістраваная спартоўка Аляксандра Герасіменя.
Папярэдні аўкцыён 19 жніўня 2025 году не адбыўся, бо не знайшлося ахвочых набыць гэтую нерухомасьць.
Паводле спартоўкі, кватэра належала ня ёй, а ейнаму сваяку, але была арыштаваная разам зь іншай маёмасьцю яшчэ ў 2022 годзе, калі Герасіменю завочна асудзілі. Тады спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Арыштавалі ўласнасьць Герасімені — 48 тысяч даляраў на рахунках, аўтамабіль, кватэру, мабільныя тэлефоны, лядоўню, іншую маёмасьць.
З восені 2020 году Аляксандра Герасіменя знаходзіцца за мяжой.
Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, якая суправаджалася фальсыфікацыямі і гвалтам, Аляксандра падпісала ліст спартоўцаў за свабодныя выбары, была адной з стваральніц Фонду спартовай салідарнасьці дзеля дапамогі спартоўцам, што за сваю пазыцыю пацярпелі ад рэпрэсіяў у Беларусі.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Фонд настойваў на байкоце спартыўных спаборніцтваў у Беларусі, міжнародныя фэдэрацыі скасавалі некаторыя спаборніцтвы. БФСС таксама заклікаў не дапускаць беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду й на іншыя спаборніцтвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўкцыён на продаж менскай кватэры, у якой была зарэгістраваная Герасіменя, не адбыўся, не было пакупнікоў