Ужо сёньня: дзень нараджэньня Францішкі Ўршулі Радзівіл

Партрэт Уршулі Радзівіл на выставе «Славутыя асобы Беларусі». Аўтары Лілея і Валянцін Варэцы

Падзеі 13 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

13 лютага 1705 году нарадзілася Францішка Ўршуля Радзівіл з роду Вішнявецкіх, пісьменьніца і першая вядомая жанчына-драматург ВКЛ, стваральніца самабытнага тэатру ў нясьвіскай рэзыдэнцыі Радзівілаў.

У 1725 годзе яна выйшла замуж за Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбаньку) і пераехала ў Нясьвіж. Там яна спрычынілася да пашырэньня асьветы, значна папоўніла замкавую бібліятэку, а таксама спрыяла аднаўленьню дзейнасьці Нясьвіскай друкарні.

Францішка Ўршуля Радзівіл зьяўляецца аўтаркай каля 80 паэтычных твораў, шаснаццаці трагедыяў і камэдыяў, таксама яна спрабавала свае магчымасьці ў напісаньні опэрных лібрэта.

Таксама ў гэты дзень

1824 — у Маскве выйшаў з друку «Беларускі архіў старажытных грамат».

1863 — паўстанцы Каліноўскага вызвалілі Пружаны.

1929 — брытанскі навуковец Аляксандар Флемінг упершыню прадставіў публіцы сваё адкрыцьцё — пэніцылін.

2021 — увечары АМАП уварваўся на турбазу «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне, дзе адбываўся канцэрт гурта «Разьбітае сэрца пацана». Затрымалі найменей 67 чалавек.

У гэты дзень нарадзіліся

1806 — Юльян Корсак, беларускі паэт і перакладчык.

1902 — Сымон Хурсік, беларускі пісьменьнік, вязень савецкіх ссылак.

1973 — Андрэй Хадановіч, беларускі паэт і перакладнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«З намі ваююць, бо мы — беларусы». Хадановіч пра расстраляных паэтаў і рэпрэсіі супраць культуры

У памяці

1795 — Георгі Кані́скі, рэлігійны дзяяч і пісьменьнік. Япіскап магілёўскі (беларускі). Адкрыў у Магілёве духоўную сэмінарыю і друкарню.

Георгі Каніскі

1829 — Якуб Ігнацы Дадэрка, каталіцкі дзяяч, менскі біскуп (1798–1816).

1974 — Паўліна Мядзёлка, беларуская акторка, дзяячка культуры, пэдагог.

Паўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка. Зэльва, 1968

2009 — Валянцін Тарас, беларускі паэт, крытык і перакладчык.

Валянцін Тарас