Прэм’еру Беларусі паказалі, як зьбіваюць бесьпілётнікі. Яны падобныя на расейскія «Герберу» і «Молат-Брытва»

Зьбіты нібыта «ў часе практычных выпрабаваньняў» дрон, падобны на расейскую «Герберу» , 12 лютага 2026

Міністэрства абароны Беларусі апублікавала фота з палігону, дзе свае баявыя навыкі адпрацоўваюць вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны.

На палігон прыехалі міністар абароны Віктар Хрэнін, прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын і дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

Як сьцьвярджаецца, ім прадэманстравалі работу ўзораў узбраеньня па супрацьдзеяньні бесьпілётным лятальным апаратам, а таксама паказалі бесьпілётнікі, якія «былі зьбітыя ў часе практычных выпрабаваньняў».

На адным з фота чыноўнікі разглядаюць бесьпілётнікі, падобныя на расейскія — «Гербера» і «Молат-Брытва» — кінэтычны дрон-перахопнік.

На «хвасьце» расейскага дрону мусіў быць бартавы нумар, але яго прыхавалі

«Герберу» расейскія войскі інтэнсіўна выкарыстоўваюць для абстрэлу Ўкраіны.

Вайсковы экспэрт украінскага выданьня Defence Express у пытаньнях узбраеньняў і вайсковец 413-га палку Сілаў бесьпілётных сыстэмаў «Рэйд» Іван Кірычэўскі пацьвердзіў Свабодзе, што на фота — звычайная расейская «Гербера». Адметна, што на фота Міністэрства абароны бартавы нумар дрона адмыслова «зацёрты».

Расейскі бесьпілётнік «Гербера», які ў лістападзе 2025 году заляцеў ва Ўкраіну. Яго прынесьлі да МЗС Малдовы, каб паказаць расейскаму дыплямату

Інфармацыі аб выкарыстаньні дрону «Молат-Брытвы» ва Ўкраіне ў адкрытых крыніцах пакуль няма — ён не прадугледжвае баявой часткі, бо прызначаны для зьбіцьця баявых бесьпілётнікаў шляхам іх тарану.

Расейскі дрона-перахопнік «Молат-Брытва» на афіцыйным фота вырабніка

На тое, што гэта можа быць «Молат-Брытва», паказвае адзін з элемэнтаў, частка зь якога выканана ў чырвоным колеры.

У Расеі выпрабаваньні гэтага ручнога комплексу для супрацьдзеяньня баявым дронам правялі летась у траўні. Адсутнасьць выбуховага зараду робіць яго бясьпечным для выкарыстаньня ў густанаселеных гарадах. Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі, ён можа зьбіваць вялікі дроны і бесьпілётнікі самалётнага тыпу з размахам крыла 2-5 мэтраў і на дастаткова вялікіх вышыні і хуткасьці.

У кадар Мінабароны трапіў імаверна фрагмэнт дрона-перахопніка «Молат-Брытва»

Комплекс «Молат-Брытва» мае два варыянты — пераносны і стацыянарны. Пераносная вэрсія мае цеплавізійную галоўку саманавядзеньня і 3,4-кіляграмовыя боепрыпасы калібру 100 мм, якія дазваляюць разьвіваць хуткасьць да 265 кілямэтраў на гадзіну. Пераносны «Молат» запускаецца з транспартна-пускавога тубусу. У стацыянарнай вэрсіі — радыёкаманднае або лазэрнае навядзеньне, далёкасьць — 3,5 кілямэтра, а хуткасьць дасягае 360 кілямэтраў на гадзіну.