Хроніка перасьледу 12 лютага: сама меней трох чалавек з творчай прасторы «Парасон» зьмясьцілі ў ІЧУ

Вярхоўны суд Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Летась у Беларусі паводле палітычных матываў асудзілі 40 падлеткаў

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў 2025 годзе ў Беларусі паводле палітычных матываў асудзілі некалькі дзясяткаў непаўналетніх беларусаў.

Паводле праваабаронцаў, гэта вынікае з справаздачы Вярхоўнага суда Беларусі.

У прыватнасьці, 16 падлеткаў асудзілі за «актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), 6 — за садзейнічаньне «экстрэмізму» (арт. 361-4 КК), 5 — за «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК), 4 — за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК), 4 — за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368), 3 — за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК), 1 — за «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да службовай асобы» (арт. 366 КК) і 1 — за «ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньняў, вярбоўку або падрыхтоўку асоб да такога ўдзелу» (арт. 361-3 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю пасьля адбыцьця пакараньня выйшаў сваяк прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне

Сама меней трох чалавек з творчай прасторы «Парасон» зьмясьцілі ў ІЧУ

Пасьля ператрусаў у менскай арт‑прасторы «Парасон» адбыліся допыты і затрыманьні.

Паводле інфармацыі «Вясны, сама меней тры затрыманыя знаходзяцца на Акрэсьціна. У чым іх абвінавачваюць — невядома.

Арт-прастора знаходзіцца ў Менску. На яе сайце пазначана, што «кожны тыдзень у Parason праходзяць курсы народных рамёстваў і лекцыі з самымі рознымі гасьцямі. Размаўляем па-беларуску пра гісторыю, кіно, тэатар і іншыя цікавосткі з гуманітарнага сьвету».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dissidentby: у менскай арт‑прасторы «Парасон» прайшлі ператрусы і затрыманьні