Сілавікі выкрылі карупцыю на дзяржаўнай абутковай фабрыцы ў Гомлі

Міліцыя ў Гомлі, архіўнае фота

Дырэктар прадпрыемства лёгкай прамысловасьці разам з уладальнікам камэрцыйнай структуры скралі 1,4 млн. рублёў, паведамілі ў МУС Беларусі.

Як паведаміў тэлеграм-канал МУС Беларусі, апэратыўнікі адзьдзелу па эканамічнай злачыннасьці Гомельскай вобласьці і Камітэту дзяржкантролю выявілі схему крадзяжу грошай на адным з дзяржпрадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці Гомля.

«51-гадовы генэральны дырэктар у змове з 46-гадовым кіраўніком камэрцыйнай структуры арганізаваў фіктыўную пастаўку сыравіны на адрас сваёй арганізацыі. Ён даваў незаконныя ўказаньні падначаленым аб падрыхтоўцы падробленых дакумэнтаў па правядзеньні працэдур закупак камплектуючых, прызнаньні пераможцы тэндэраў, прыёмцы тавару на склад, а таксама аб выкарыстаньні матэрыялаў у вытворчасьці і далейшай рэалізацыі гатовай прадукцыі. Такім спосабам менш чым за тры гады саўдзельнікі скралі каля 1,4 мільёна рублёў», — паведамілі ў МУС.

Міліцыя расказала, што на скрадзенае падазраваныя ў карупцыі набывалі дарагія аўто, будавалі прыватныя дамы. Сьледчыя завялі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Фігуранты арыштаваныя, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Іх прозьвішчы і прадпрыемства сілавікі не назвалі, але на фота і відэа паказалі кадры з абутковай фабрыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура выкрыла карупцыю ў будаўнічай сфэры, завялі шэсьць справаў за хабары
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадзенскай вобласьці на хабары затрымалі аднаго з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства