Амэрыканскага янота-вандроўніка пасялілі ў парку жывёл пад Баранавічамі

Янот, якога мытнікі знайшлі ў марскім кантэйнэры з ЗША, завяршыў карантын у Ашмянскай вэтэрынарнай станцыі. Ён цалкам здаровы.

11 лютага яго перавезьлі ў парк жывёл «Дыпрыз», што ў Баранавіцкім раёне. Ён будзе жыць у кантактнай экспазыцыі, паведаміла гарадзенская тэлерадыёкампанія.

Летась 14 студзеня мытнікі выявілі янота ў аўтамабілі, які быў дастаўлены марскім кантэйнэрам з ЗША. Відавочна, той забраўся ў машыну яшчэ да пагрузкі.

Янота зьмясьцілі на карантын і далі мянушку Сеня. Тым часам гучалі розныя прапановы наконт ягонага лёсу: ад перадачы ў Налібоцкую пушчу да ўсыпленьня як інвазійнай жывёлы.

У якасьці новага дому для сысуна разглядаўся і гарадзенскі заапарк. Але ў выніку Сеня пасяліўся ў парку жывёлаў пад Баранавічамі. Там ужо жывуць іншыя яноты, у іх нават ёсьць свой «замак» і «возера».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца зь янотам Сенем, знойдзеным у аўтамабілі, які прыбыў з ЗША ў Беларусь