«У сацыяльных сетках распаўсюджваецца відэа на YouTube, аўтарам якога называе сябе беларускі КДБ», — паведаміў 11 лютага Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, заяву якога цытуе агенцтва навінаў BNS.
У запісе, зробленым на літоўскай мове, гаворыцца аб праблемах, «выкліканых несправядлівасьцю ўраду». Ахвотным абмеркаваць гэта прапануюць зьвязацца зь беларускім КДБ праз указаны «абаронены канал», — паведаміў у сераду Дэпартамэнт бясьпекі. — «ДДБ настойліва заклікае не паддавацца на згаданую правакацыю і ня ўцягвацца ў зламысную дзейнасьць замежнай дзяржавы, за якую пагражае строгая крымінальная адказнасьць».
ДДБ Літвы нагадвае, што расейскія і беларускія выведкі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для пошуку патэнцыйных агентаў, іх вэрбаваньня і падтрыманьня зь імі кантактаў, — гаворыцца ў заяве літоўскай спэцслужбы.
У выпадку ўзьнікненьня падазрэньняў у тым, што грамадзянін сутыкнуўся з спробамі спэцслужбаў варожых дзяржаваў вэрбаваць або шпіёніць за асобамі ці арганізацыямі, дэпартамэнт рэкамэндуе паведамляць пра гэта органам выведкі:
«Нашы супрацоўнікі дапамогуць ацаніць, ці небясьпека рэальная. Своечасовае інфармаваньне ДДБ перакрывае шлях вэрбаваньню, спробам маніпуляцыі, шантажу літоўскіх грамадзян», — гаворыцца ў паведамленьні ДДБ.
Дэпартамэнт таксама заклікаў асобаў, якія жывуць у Літве і ўжо былі ўцягнутыя ў дзейнасьць расейскіх ці беларускіх спэцслужбаў або атрымалі прапановы супрацы, зьвязацца з ДДБ і скарыстаць прадугледжаную законам магчымасьць унікнуць крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская спэцслужба зьвярнулася да беларусаў Літвы з папярэджаньнем ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужба Літвы прапанавала крымінальную адказнасьць за дэзынфармацыю пасьля менскіх заяваў палітыка Вайткуса