«Па-ранейшаму не абароненыя пэрсанальныя зьвесткі, няма рэальнага супрацьдзеяньня махлярству і выкарыстаньню мэсэнджэра ў злачынных і тэрарыстычных мэтах», — адзначылі ў ведамстве.
З заявы Раскамнагляду вынікае, што абмежаваньні будуць працягвацца, пакуль улады не даюцца «выкананьня законаў і забесьпячэньня абароны грамадзян».
Заснавальнік мэсэнджэра Павел Дураў пракамэнтаваў запавольваньне работы Telegram у Расеі і назваў гэта крокам, якім улада Расеі спрабуе «прымусіць сваіх грамадзян перайсьці на дзяржаўнае прыкладаньне, створанае для сачэньня і палітычнай цэнзуры».
«Восем гадоў таму Іран спрабаваў тую самую стратэгію, але ня выйшла. Там забаранілі Telegram пад выдуманымі падставамі, спрабуючы прымусіць людзей перайсьці на дзяржаўную альтэрнатыву. Нягледзячы на забарону, большасьць іранцаў дагэтуль карыстаюцца Telegram (у абыход цэнзуры) і аддаюць перавагу яму, а не прыкладаньням, якія знаходзяцца пад наглядам», — напісаў Дураў увечары 10 лютага.
Паводле яго, «абмежаваньне свабоды грамадзян ніколі ня будзе правільным адказам», і «Telegram выступае за свабоду слова і канфідэнцыйнасьць, незалежна ад ціску».
У Расеі пачалі абмяжоўваць працу мэсэнджэра з 8 лютага. На сайце сэрвісу Downdetector паведамлялася, што на вечар 10 лютага зарэгістравалі 9985 скарг на працу мэсэнджэра. У некаторых карыстальнікаў прыкладаньне не адкрывалася, а ў іншых — не апраўляліся паведамленьні і не запампоўваліся мэдыяфайлы.
Летась у кастрычніку збоі ў працы Telegram і WhatsApp у Расеі працягваліся некалькі дзён. Паводле Раскамнагляду, гэтыя мэсэнджэры «сталі асноўнымі сэрвісамі, якія выкарыстоўваюць для махлярства і ўцягваньня ў дывэрсійную і тэрарыстычную дзейнасьць».
У сьнежні 2025 году паведамлялася, што хуткасьць работы WhatsApp у Расеі з 22 сьнежня запаволілі на 70-80 %.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Telegram зьявіўся новы спосаб скрасьці ўліковы запіс. Цяпер пад выглядам «афіцыйнага SMS»