Калегі і знаёмыя Рамана Цымберава падзяліліся са Свабодай ўспамінамі пра яго.
10 лютага стала вядома, што памёр беларускі кнігавыдавец і паэт Раман Цымбераў. Некалькі дзён перад гэтым яму стала блага, яго паклалі ў шпіталь, потым у рэанімацыю. Цымбераву было 44 гады, па ім засталася непаўнагадовая дачка.
Раман Цымбераў нарадзіўся ў горадзе Ейск Краснадарскага краю ў Расеі. Але з маленства жыў у Менску. Вывучыўся на таваразнаўцу і эканаміста-мэнэджэра. Меў ступень магістра эканомікі. Працаваў выкладчыкам у каледжы і ўнівэрсытэце.
У 2001 годзе стаў гандляваць кнігамі. У каталёгу на сайце Рамана Цымберава цяпер больш за 1000 кніг. Ён рэдагаваў кніжную сэрыю «Такая гісторыя», у якой выйшлі 20 кніг у гісторыі Беларусі і ваеннай гісторыі. Пісаў вершы.
З 2018 году пачаў выдаваць кнігі ў аднайменным выдавецтве «Цымбераў Р. М». У пачатку 2024 году Мінінфарм прыпыніў дзейнасьць ягонага выдавецтва на месяц.
Калі ў Беларусі зьмянілася заканадаўства, і індывідуальныя прадпрымальнікі ўжо не маглі выдаваць кнігі, Цымбераў у сярэдзіне сьнежня мінулага году заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Дыграф». У ім пасьпела выйсьці першая кніга вершаў «Каляндар на імгненьне» аўтарства Алеся Дуброўскага-Сарочанкава. І апошняя кніга ў выдавецтве Цымберава.
У 2024 годзе Рамана Цымберава затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Некалькі сутак ён правёў у ІЧУ.
Чалавек-кніганоша
Ніхто ў Беларусі не рабіў тое, што рабіў Цымбераў, кажуць суразмоўцы Свабоды.
«Гэта быў апошні незалежны выдавец у Беларусі», — адзначае Дар’я* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС).
«Раман быў ключавым элемэнтам для многіх, бо ня ўсе людзі могуць быць бачныя ў працэсах. Раман замыкаў тыя злучэньні, якія патрабавалі пэўнага элемэнту. Ён не баяўся брацца за праекты і малымі крокамі рабіў значныя рэчы», — кажа заснавальніца беларускага выдавецтва ў Кракаве «Гутэнбэрг» Валянціна Андрэева.
Валянціна Андрэева
Многія людзі ўспамінаюць Рамана, як чалавека з валізкамі кніг, які вазіў іх тонамі з Беларусі і ў Беларусь.
«Ён быў чалавекам-кніганошам, які не шкадаваў сябе і цягаў тоны кніг», — успамінае выдавец і літаратар, дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў.
Зьміцер Вішнёў
Мала якая выстава ці фэстываль беларускіх кніг, што ў Беларусі, што за мяжою, абыходзілася бяз кніжак, выдадзеных Цымберавым.
«Я неаднаразова зь ім удзельнічаў у міжнародных кніжных выставах у Кіеве, Львове, Варшаве, Беластоку», — успамінае Зьміцер Вішнёў.
«Напэўна, не апошнюю ролю ў тым, што мы яго страцілі, адыграла няпростасьць працы, якую ён рабіў, і тыя цяжкія валізы, якія ён вазіў заўсёды, па некалькі валізаў. Гэта ўсё не палітычная барацьба, гэта адданасьць кнізе, як культурнай зьяве», — мяркуе Андрэева.
«З Раманам дакладна штосьці было ня так апошні месяц, ці то са здароўем, ці што. Калі мы абмяркоўвалі зь ім нешта, ён нібыта адсутнічаў. Мы гэта сьпісвалі тое, што ў Рамана вельмі шмат справаў, што ён напэўна змарыўся, і трэба адпачыць», — успамінае Андрэй* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), які камунікаваў з Цымберавым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцы беларускіх кніг — «Людзі Cвабоды – 2024»«Тылы» канцэртнай залі «Мінск»
Валянціна Андрэева кажа, што памятае Цымберава з часоў, калі той гандляваў кнігамі ў павільёне «на тылах» канцэртнай залі «Мінск», прыкладна ў 2010-я гады. Беларускіх кніг у яго тады было ня так шмат, больш расейскамоўных, «звычайны асартымэнт кніжнай крамы, запатрабаванай людзьмі». Але сярод іх былі «Таямніцы Полацкай гісторыі» Ўладзімера Арлова.
«Ён вельмі шанаваў гэтую кнігу. Паляваў на рэшткі старых накладаў, каб тыя, хто яе шукаюць, маглі знайсьці гэтую кнігу ў яго», — успамінае калега Цымберава.
Паводле яе, Раман паступова адкрываў для сябе беларускую тэму і беларускія кнігі. Ён стаяў ля вытокаў альманаха «Дзяды».
«Яго асартымэнт усё больш напаўняўся беларускай кнігай. Ён быў вельмі адкрыты. Заўзеў за беларускую кнігу. Гэта добры прыклад сумленнага чалавека, які сьветлым розумам бачыць абставіны, бачыць кнігі. Ён стаў важнай цэнтральнай фігурай для беларускай кнігі, пачаўшы яе выдаваць, дапамагаючы розным людзям», — кажа Валянціна Андрэева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзеКніжны бокс у падвале
У апошнія гады Раман прадаваў кнігі ў боксе ў гандлёвым цэнтры «Купалаўскі». Там таксама можна было купіць сувэніры, калекцыйных салдацікаў, фігуркі на гістарычную тэму.
На думку Дар’і, Цымбераў дзейнічаў вельмі простымі сродкамі. На фоне тэхналягічных прагрэсаў і таго, як разьвіваўся кнігадрук, гэта, паводле яе, выглядала «олдскульна».
«Пункт у гандлёвым цэнтры „Купалаўскі“ — каму гэты цэнтар увогуле патрэбны, у падвале? Але гэтая кропка існавала колькі гадоў да сёньняшняга дня. Хоць яна не выглядала як кнігарні „Маркс“ або „Кніжная шафа“, як творчая прастора, а проста бокс у гандлёвым цэнтры пад зямлёй, да гэтага месца заўжды прыцягваліся нейкія свае чытачы, свая аўдыторыя. Калі пастаяць з Раманам паўгадзінкі, дык можна было ўбачыць, што людзі ведаюць, куды і да каго яны ідуць», — разважае Дар’я.
Зьміцер Вішнёў успамінае, што калі яны працавалі ў Беларусі, Раман часта браў на распаўсюд іхнія выданьні.
На Кніжным Арсэнале ў Кіеве: Зьміцер Вішнёў, Раман Цымбераў, Кірыл Стаселька, 2019 год. Фота Зьмітра Вішнёва
Выдаваў тое, што іншыя не маглі выдаць
Выдавецтва Цымберава працягвала працаваць у Беларусі, калі большасьць незалежных выдаўцоў або зьехалі зь Беларусі празь перасьлед, або іхнюю дзейнасьць спыніў Мінінфарм.
Дар’я мяркуе, што Раман умеў спалучаць дзьве рэчы: рабіць годную справу і зарабляць грошы. Яна заўважае, што Раман выдаваў тое, што «іншыя ўжо не маглі выдаваць, не было каму». Ён выдаваў таксама кнігі маладых, невядомых аўтараў, «быў непераборлівы».
«Любы аўтар мог да яго прыйсьці. Раней „Галіяфы“ займалі такую пазыцыю, да іх прыходзілі шмат дэбютнікаў. Раман знаходзіў магчымасьці, час, рэсурс», — успамінае Дар’я.
Зьміцер Вішнёў, які працаваў дырэктарам выдавецтва «Галіяфы», успамінае, што калі іхняе выдавецтва спыніла працу ў Беларусі ў 2022 годзе, многія з іхніх аўтараў перайшлі да Цымберава.
«Выдавецкае поле цяпер, на жаль, выглядае яшчэ больш спустошаным. Хто будзе ратаваць літаратурную сьцежку паміж тымі, хто зьехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся?», — разважае Вішнёў.
Дар’я адзначае, што Цымбераў адназначна быў прабеларускім, «інакш бы ён не пайшоў на рынак беларускай кнігі». Яна дадае, што рысай Рамана было рабіць сваю справу, не зважаючы ні на што.
«Ён олдскульны, зусім не сучасны. Гэта і пра тое, як ён працуе зь людзьмі, як ён працуе з кніжкамі, гумар з цытатамі Фаіны Ранеўскай. Напэўна, ён ня гнаўся ні за якімі брэндамі, ні за якой ацэнкай іншых. Раман заўжды рабіў сваю справу. Што б ні было — працягваў рабіць сваё. Яму было ўсё роўна на трэнды, брэнды, моду, тэндэнцыі, рынак. Хто што б ні сказаў, ён будзе рабіць кніжкі», — перакананая Дар’я.
Цымбераў, сярод іншага, выдаў кнігу вершаў Міхала Анемпадыстава «Каб быць бліжэй да зорак», кнігу казак для дзяцей на беларускай мове «Дзедавы казкі ад Дзеда Янкеля», кнігі Дзьмітрыя Дразда «Минский тюремный замок», Вінцэся Мудрова «Гарачы парафін», Паўла Каралёва «Купала i Колас жартуюць», збор твораў Кастуся Севярынца.
Раман і сам пісаў вершы, у тым ліку разам з дачкой. Ён выдаў чатыры зборы сваіх вершаў.
«Памятаю, што ў дарозе ён прыдумляў уласныя вершы, якія старанна запісваў у нататнік», — успамінае Зьміцер Вішнёў іхнія сумесныя паездкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальніца беларускага выдавецтва ў Кракаве: «Беларусаў тут вельмі шмат, і яны цудоўныя»Філязофія малых крокаў
«Прыстойны» — такім словам апісвалі Цымберава шмат разоў розныя людзі, кажа Дар’я.
«Больш прыстойнага і надзейнага партнэра, чым Раман, у нас не было. У ім не было хітрасьці, скрытнасьці. Калі яму было чым дапамагчы, чым падзяліцца, ён ніколі не хаваў. Калі ў яго былі адказы, ён іх заўжды даваў. Калі пра штосьці дамовіліся, гэтая дамова застаецца. Ён быў абсалютна сьветлым чалавекам», — дзеліцца суразмоўца.
Стэнд беларускіх выдаўцоў на кніжным кірмашы ў Польшчы, 2023 год, архіўнае фота
Апошні раз яны бачыліся з Раманам за мяжой на кніжным кірмашы. Выдавец прывёз з сабой сухары зь Беларусі.
«Ён паклікаў знаёмае дзіця, пачаставаў яго, яны селі побач на зэдліках і елі гэтыя беларускія сухары. Гэта мой апошні ўспамін пра Рамана», — кажа суразмоўца.
Валянціна Андрэева расказала, што менавіта Цымбераў сабраў усіх беларускіх выдаўцоў, і ў канцы мінулага году яны зарганізаваліся ў Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў.
«Дзякуючы спакойнай настойлівасьці і сэрыі малых простых крокаў, філязофіяй якіх ён кіраваўся ўсё жыцьцё, ён рабіў неймаверна вялікія справы і неймаверна шмат. Яго спакойная роля арганізатара і цэмэнту для ўсёй выдавецкай супольнасьці. Дзякуючы яму, мы робім тое, што мусім зрабіць», — кажа Валянціна.
Першай падзеяй Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў мае стаць удзел у Познанскім кніжным кірмашы сёлета ў сакавіку. Андрэева ўспамінае, што дзён дзесяць таму яны абмяркоўвалі з Раманам, што добра было б знайсьці спосаб, каб ён сам або хаця б яго кнігі ўзялі ўдзел у гэтым кірмашы.
«Бо мы ўсе прызнаём яго выключную ролю. Бо ён меў мужнасьць працаваць у Беларусі, выдаваць беларускія кнігі. Быў сярод нас, размаўляў, расказваў, як працуецца выдаўцу ў Беларусі», — адзначае яна.
Раман Цымбераў на фестывалі Tutaka у Польшчы, 2025 год
«Знаходзіў у гэтым радасьць»
Нягледзячы на сваю няпростую справу, Раман ня скардзіўся на яе і не ўзвышаўся празь яе, працягвае Валянціна Андрэева.
«Ён да ўсяго ставіўся са спакойным гумарам. Ён ніколі не падкрэсьліваў, што тое, што ён робіць, мае выключнае значэньне. Хаця ўсе гэта разумелі, шанавалі. Ён пры гэтым усьміхаўся, паціскаў плячыма і казаў: „Працуем, усё добра“», — успамінае яна.
Раман быў пасыянарыем культуры, перакананая калега.
«Ён трымаўся сваіх каштоўнасьцяў, і быў упэўнены, што само права стаяць на сваім і трымацца гэтых каштоўнасьцяў — гэта адначасова і вялікі прывілей у нашым жыцьці. Тое, што ён рабіў, рабіў не з прымусу, выгады, жаданьня славы, рабіў, бо лічыў гэта правільным і знаходзіў у гэтым радасьць», — кажа Валянціна Андрэева.
Суразмоўцы кажуць, што ў Рамана заўсёды былі пляны наперад: адкрыць новы офіс, адкрыць друкарню, выдаць кнігу.
«У яго заўжды куча напрацовак была, ён ніколі не стаяў на месцы», — успамінае Дар’я.
Зьміцер Вішнёў адзначае, што заўчасны сыход Цымберава — ня толькі вялікая страта для блізкіх і сяброў, але і страта для ўсёй беларускай літаратуры.
«Ён быў шчырым і ўважлівым чалавекам, меў добрае пачуцьцё гумару. Шмат зрабіў, яшчэ болей не пасьпеў. Апошні раз я сустракаўся з ім летась у Вільні на фэстывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova, дзе мы гутарылі пра пляны і літаратуру. Праектаў у яго было процьма. Ён сышоў на ўзьлёце», — падсумоўвае Зьміцер Вішнёў.
Рамана Цымберава пахаваюць 13 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б выдаць нешта аптымістычнае, з хэпі-эндам. Але як знайсьці такі твор?». Яраслаў Іванюк пра выданьне беларускіх кніг за мяжой