Атрыманы Свабодай спадарожнікавы здымак кампаніі Planet Labs, зроблены 9 лютага 2026 году, сьведчыць пра тое, што на былым вайсковым аэрадроме «Крычаў-6» працягваецца актыўнае разгортваньне вайсковай базы. Упершыню на здымку можна заўважыць імаверныя машыны з ракетнага комплексу «Арэшнік», а таксама новую тэхніку і будынкі, якія зьявілся тут за апошнія месяцы.
Нагадаем, раніцай 30 сьнежня беларускае і расейскае міністэрствы абароны прадэманстравалі відэа з кадрамі нібыта «заступленьня на баявое дзяжурства» ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік» («Орешник» у арыгінале. — РС). Пры гэтым на кадрах, як адзначылі экспэрты, былі паказаныя толькі 3 машыны тэхнічнага забесьпячэньня і адна машына аховы.
За некалькі дзён да публікацыі афіцыйнага відэа амэрыканскія дасьледчыкі зь Мідлбэрыйскага каледжа на падставе спадарожнікавых здымкаў назвалі былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6» магчымым месцам разьмяшчэньня комплексу «Арэшнік».
Свабода тады праверыла гэтыя высновы і супаставіла іх з афіцыйнымі кадрамі. Як высьветлілася, афіцыйнае відэа сапраўды магло быць зьнятае на закінутым вайсковым аэрадроме пад Крычавам. Пра гэта сьведчыць поўнае супадзеньне разьмяшчэньня будынкаў на афіцыйных кадрах і на атрыманых спадарожнікавых здымках за апошнія паўгоду. Будаўніцтва тут пачалося сьпешна ў жніўні 2025 году, для гэтага зьнесьлі мясцовае прыватнае прадпрыемства па вытворчасьці драўнянага вугалю. Да 2026 года тут узьвялі некалькі новых будынкаў, а таксама зрабілі поўную рэканструкцыю чыгуначных шляхоў і станцыі.
Сярод самых заўважных зьменаў з пачатку будаўнічых працаў на тэрыторыі былога аэрадрома «Крычаў-6» — пабудова цэнтральнага аб’екта на былой узьлётна-пасадачнай паласе. Ён падобны да невялікага вайсковага гарадка, абнесенага агароджай. У цэнтры — пляц, дзе, верагодна, і здымаліся некаторыя кадры з афіцыйнага відэа Міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі.
На спадарожнікавым здымку за 9 лютага 2026 году на тэрыторыі цэнтральнага вайсковага гарадка можна разгледзець 6 машын, якія могуць належаць ракетнаму комплексу «Арэшнік». Іх памер і прапорцыі адпавядаюць памеру паказанай раней міністэрствамі абароны тэхнікі, але дакладны тып машынаў пакуль вызначыць не магчыма, бо для гэтага патрабуюцца больш якасныя здымкі.
Для ўсіх шасьці машын будуюць два ангары, на здымку бачныя цені ад мэталічных канструкцый над імі. Адзін, меншы, — для трох машын аднаго тыпу, і другі, большы і з запасам пад чацьвёртую машыну, — для трох машын другога тыпу.
На здымку 9 лютага 2026 году таксама можна заўважыць, што побач з тэрыторыяй цэнтральнага вайсковага аб’екта зьявілася каля 25 вайсковых машынаў рознага памеру і тыпу, некалькі земляных насыпаў, а таксама будынак пакуль яшчэ незразумелага прызначэньня. Па пэрымэтры вайсковага гарадка можна пабачыць 4 вышкі незразумелага пакуль прызначэньня.
Вайсковы экспэрт па ўзбраеньнях украінскага выданьня Defence Express і вайсковаслужбовец 413-га палка Сілаў бесьпілётных сыстэм «Рэйд» Іван Крычэўскі ў камэнтары Свабодзе адзначае, што на спадарожнікавых здымках сапраўды могуць быць зафіксаваныя машыны, зьвязаныя з расейскім ракетным комплексам «Арэшнік», але зьвяртае ўвагу на важны нюанс:
«Тое, што Расея разгортвае ў Беларусі ваенную інфраструктуру для разьмяшчэньня ракетнага комплексу „Арэшнік“, — гэта факт. Тое, што там ужо ёсьць асобныя кампанэнты для забесьпячэньня працы балістычных ракет сярэдняй далёкасьці „Арэшнік“, — таксама факт. Пры гэтым нельга выключаць, што расейцы могуць такім чынам ствараць фальшывыя вайсковыя пазыцыі. І гэта можа быць адна з такіх фальшывых пазыцыяў».
Кадар зь відэа Міністэрства абароны Беларусі аб заступленьні на баявое дзяжурства ракетнага комплексу «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі. На здымку — машыны, падобныя памерамі з тымі, што бачныя на спадарожнікавым здымку
У якасьці прыкладу нелягічных, на ягоную думку, элемэнтаў інфраструктуры вайсковага аб’екта пад Крычавам ён прыводзіць прыклад таго, што ангары, якія бачныя на спадарожнікавым здымку, будуюцца побач адзін з адным і адразу для некалькіх машын ракетнага комплексу. Экспэрт мяркуе, што ў выпадку нанясеньня ўдару такая канцэнтрацыя тэхнікі можа прывесьці да яе адначасовага зьнішчэньня.
Разам з тым Крычэўскі мяркуе, што стварэньне як фальшывых, так і замаскаваных рэальных баявых пазыцый можа быць часткай доўгатэрміновага пляну і крытэрам падрыхтоўкі да разгортваньня Расеяй празь некалькі гадоў поўнага ракетнага палка зь ня менш як дзевяцьцю пускавымі ўстаноўкамі.
«Пры гэтым Расея можа паступова пачаць разгортваць у Беларусі контрадывэрсійныя падразьдзяленьні і падразьдзяленьні спэцыяльных службаў, безь якіх разьмяшчэньне такой зброі немагчымае. Такія мабільныя пускавыя ўстаноўкі расейцы нават у сябе хаваюць і берагуць як вока», — адзначае экспэрт.
«Арэшнік» — гэта расейскі мабільны ракетны комплекс сярэдняй далёкасьці, які, як лічаць экспэрты, створаны на базе распрацаванай раней міжкантынэнтальнай ракеты «Ярс». За кошт скарочанай колькасьці разгонных ступеняў «Арэшнік» меншы памерам і мае меншую дыстанцыю прымяненьня — каля 5 тысяч кілямэтраў. Расея ўпершыню магла выкарыстаць ракету гэтага комплексу 21 лістапада 2024 году пры ўдары па прадпрыемству «Південмаш» у Дняпры на ўсходзе Ўкраіны. Прадпрыемства тады было пашкоджанае, а ў горадзе загінулі і былі параненыя людзі.
Пускавыя ўстаноўкі мабільнага грунтавога ракетнага комплексу «Ярс» падчас выхаду з пункту пастаяннай дысьлякацыі ў горадзе Тэйкава. Падрыхтоўка да вайсковага параду на Краснай плошчы ў Маскве, 9 траўня 2020 году
Пра магчымасьць разьмяшчэньня расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі было заяўлена публічна на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі напрыканцы 2024 году. Вызначаны тэрмін — другая палова 2025 году. Рашэньне пра разьмяшчэньне комплексу ў Беларусі нібыта прынялі ў адказ на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Тады ж, паводле ягоных слоў, кіраўнік Беларусі паставіў умову Пуціну, што цэлі будуць вызначацца «ў Беларусі, а не расейцамі».
Заява пра тое, што Беларусь нібыта зможа самастойна вызначаць цэлі для комплексу «Арэшнік», зьявілася ў мэдыя сёлета ў сьнежні пасьля інтэрвію міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна кітайскаму тэлеканалу. Аднак у той жа дзень дзяржаўнае расейскае навінавае агенцтва ТАСС анулявала гэты матэрыял, прызнаўшы яго памылковым.
На прадэманстраваных 30 сьнежня Міністэрствам абароны Беларусі кадрах «заступленьня на баявое дзяжурства» ракетнага комплексу «Арэшнік» і ганаровага шыхтаваньня на пляцы Свабода не заўважыла ніводнага беларускага вайскоўца. Сярод узьнятых сьцягоў на цырымоніі быў толькі адзін дзяржаўны беларускі і тры расейскія: дзяржаўны сьцяг Расеі, сьцяг Міністэрства абароны Расеі, сьцяг расейскіх войскаў стратэгічнага прызначэньня.
Кіраваў афіцыйным мерапрыемствам на трыбуне неназваны расейскі падпалкоўнік, але як пасьля высьветліла Свабода, ім мог быць расейскі вайсковец Раман Астраушка. У 2021 годзе ён быў камандзірам ракетнага дывізіёна 54-й ракетнай дывізіі з гораду Тэйкава.
54-я ракетная дывізія адносіцца да Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня Расеі і месьціцца прыкладна за 200 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Масквы. Расейскія дзяржаўныя мэдыя неаднаразова называлі Тэйкаўскі ракетны дывізіён часткай «ядзернага шчыта» краіны. На ўзбраеньні падразьдзяленьня стаяць міжкантынэнтальныя балістычныя ракетныя комплексы «Ярс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без ракеты і безь беларускіх вайскоўцаў: што вядома пра дысьлякацыю «Арэшніка» пад Крычавам. Спадарожнікавыя здымкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Адно прымяненьне „Арэшніка“ будзе азначаць, што беларусаў уцягнулі ў вайну»