За мінулы год Польшча не прапусьціла на сваю тэрыторыю 1135 беларусаў, зь якіх 1042 спрабавалі ўехаць празь беларускі ўчастак вонкавай мяжы ЭЗ. У 2024 годзе ў Польшчу аналягічным чынам не пусьцілі 1420 грамадзянаў Беларусі, піша агенцтва «Позірк».
Колькасьць беларусаў, якія падалі заявы аб наданьні міжнароднай абароны праз органы польскай памежнай службы, у 2025 годзе склала 2749. Іх лік істотна скараціўся, бо ў 2024-м іх было 3664 чалавекі.
Колькасьць замежнікаў, затрыманых або выяўленых Памежнай службай Польшчы за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы з парушэньнем устаноўленых правілаў або за спробу такога перасячэньня на беларускім адрэзку мяжы, у 2025 годзе склала 289, што на 89% менш, чым годам раней, калі падобных выпадкаў было 2582.
Пры гэтым агулам за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы або яго спробу было затрымалі і выкрылі 173 грамадзяніна Беларусі (134 — на ўезьдзе ў Польшчу, 39 — на выезьдзе).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стары сьвет разваліўся, а новы яшчэ „не падвезьлі“». Дар’я Ракава напісала кнігу пра беларусаў у эміграцыіАкрамя таго, выяўлена 56 грамадзян Беларусі, якія выкарыстоўвалі падробленыя дакумэнты, што даюць права на перасячэньне мяжы або знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы.
У 2025 годзе за незаконнае знаходжаньне ў Польшчы затрымалі або выявілі 1394 грамадзянаў Беларусі. 798 беларусаў злавілі на незаконнай працы на тэрыторыі Польшчы.
За 2025 год памежная служба перадала ў іншыя краіны 14 грамадзян Беларусі, якія хадайнічалі аб міжнароднай абароне ў Польшчы, і прыняла 48 беларусаў, якія прасілі прытулак у іншых краінах, дзейнічаючы згодна з Дублінскім рэглямэнтам.
На працягу мінулага году 1295 грамадзян Беларусі пакінулі Польшчу паводле прадпісаньняў памежнікаў гэтай дзяржавы.
На кастрычнік 2025 году ў Польшчы сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі мелі дакумэнты пра легалізацыю на польскай тэрыторыі, паведамляла 12 сьнежня юрыстка Алеся Пажытак, якая спэцыялізуецца на міграцыйным праве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё маё жыцьцё тут — гэта чаканьне дакумэнтаў». Чаму беларусы Польшчы так доўга чакаюць легалізацыі