МАК дазволіў украінскаму атлету, якому раней забараніў шалом з загінулымі на вайне, насіць чорную павязку

Уладзіслаў Гераскевіч

Скандал вакол украінскага спартоўца, які разгарэўся на Алімпіядзе ў Італіі, праўдападобна, скончыцца кампрамісам.

Міжнародны алімпійскі камітэт атрымаў ад украінскага боку запыт аб дазволе скелетаністу Ўладзіславу Гераскевічу насіць на спаборніцтвах шалом з партрэтамі спартоўцаў, якія загінулі ў выніку расейскай агрэсіі, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 10 лютага прэс-сакратар Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Марк Адамс.

Паводле яго слоў, камітэт атрымаў афіцыйны запыт сёньня раніцай і «цалкам разумее» жаданьне ўкраінскіх спартоўцаў ушанаваць памяць сваіх загінулых сяброў і калег.

«Учора ўвечары адбылася нефармальная сустрэча з трэнэрам і суправаджэньнем спадара Гераскевіча, з украінскай дэлегацыяй. Мы пацьвердзілі наша разуменьне жаданьня спартоўца ўшанаваць памяць іншых украінскіх спартоўцаў і выказаць спачуваньні. Што ён і зрабіў у час трэнаваньняў і ў сацыяльных сетках, таму ён выказаў свае пачуцьці ў абодвух выпадках», — сказаў Адамс.

Адначасова, дадаў ён, Алімпійская хартыя і ўмовы ўдзелу патрабуюць «засяродзіцца на выніках і спорце на гульнявым полі»:

«Вельмі важна, каб усе спартоўцы мелі роўныя правы, а Гульні былі свабоднымі ня толькі ад палітычнага ці рэлігійнага ўмяшаньня, але і ад якога-кольвечы. Гэта неабходна для таго, каб усе ўдзельнікі спаборніцтваў маглі засяродзіцца на сваіх выніках».

МАК прапанаваў выкарыстоўваць чорную павязку без пэрсаналізацыі ў якасьці альтэрнатывы, а таксама стварыў «адмысловае месца жалобы» для падтрымкі спартоўцаў у алімпійскіх вёсках.

Ці выйдзе скелетаніст Гераскевіч на трасу з чорнай павязкай, пакуль не вядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК забараніў украінскаму скелетаністу выступаць у шаломе са здымкамі загінулых на вайне ўкраінскіх спартоўцаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве беларускі ўжо выступілі на Алімпіядзе. Калі чакаць спаборніцтвы астатніх