Пра сьмерць Рамана Цымберава пасьля працяглай хваробы першым паведаміла выданьне «Наша Ніва».
Свабода атрымала незалежнае пацьверджаньне гэтых зьвестак ад блізкіх сяброў Рамана Цымберава.
Некалькі дзён таму выдаўцу стала кепска, зьявіліся праблемы з ныркамі. Пасьля здарыўся інсульт. Яго перавялі ў рэанімацыю, але не ўратавалі.
Раман Цымбераў нарадзіўся 8 чэрвеня 1981 году ў Ейску Краснадарскага краю Расеі.
У Беларусі ён працаваў выкладчыкам у каледжы і ўнівэрсытэце. Па ягонай сьмерці засталася дачка.
Яшчэ ў 2001 годзе стаў індывідуальным прадпрымальнікам у кніжным гандлі. Мала якая выстава ці фэстываль беларускіх кніг, што ў Беларусі, што за мяжою, абыходзілася без кніжак, выдадзеных Цымберавым.
У студзені 2026 году Цымбераў выпусьціў новую кнігу Віктара Казько «Лёнькі, Ваські, Валодзькі», якую склалі апавяданьні пра лёс падлеткаў зь дзіцячага дому, сталеньне якіх прыпала на няпросты пасьляваенны час. Некаторыя творы былі надрукаваныя ўпершыню.
Кнігі. якія выдаваў Цымбераў, неаднаразова вылучаліся на прэстыжныя літаратурныя прэміі, такія як «Гліняны Вялес», прэмія імя Ежы Гедройця і іншыя. Таксама кнігі, выдадзеныя ім, шмат разоў у розныя гады былі сярод найлепшых у беларускай прасторы.
Пахаваньне Рамана Цымберава адбудзецца ў Менску 13 лютага. Пра час і месца разьвітаньня стане вядома пазьней.