Маскоўскі цягнік пасьля аварыі спазьняецца ў Менск больш чым на дзьве гадзіны

На мяжы Беларусі і Расеі ў Смаленскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

На Беларускай чыгунцы паведамілі, што цягнік № 717 Масква — Менск, які выехаў з расейскай сталіцы а 6:20 і мусіў прыбыць у Менск а 13:14, спазьняецца сама меней на 2 гадзіны 30 хвілін.

«Беларуская чыгунка перапрашае пасажыраў за нязручнасьці і просіць з разуменьнем паставіцца да гэтых абставінаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

На Маскоўскай чыгунцы патлумачылі, што цягнік спазьняецца, бо паміж станцыямі Ракітная і Гусіна ў Смаленскай вобласьці ён сутыкнуўся на пераезьдзе з аўтамабілем «газель», які выехаў на каляіны.

Машыніст пачаў тэрмінова гамаваць, але да аўтамабіля было надта блізка. Папярэдне вядома, што кіроўцу аўтамабіля даставілі ў лякарню, пасажыры і лякаматыўная брыгада па мэдычную дапамогу не зьвярталіся.

Машыну прыбралі з чыгуначных каляінаў праз гадзіну, цягнік накіраваўся да станцыі Гусіна, дзе пасажыраў перасадзяць на рэзэрвовы склад і яны паедуць далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У масавым ДТЗ пад Смалявічамі загінула 17-гадовая дзяўчына