BelPol: кіраўніцтва МАЗу патрабуе ад ураду «тэрмінова забясьпечыць завод працоўнай сілай» для выкананьня пляну

Лягатып Менскага аўтамабільнага заводу. Ілюстрацыйнае фота

Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol абнародавала ліст генэральнага дырэктара Менскага аўтамабільнага заводу Валерыя Іванковіча на імя міністра прамысловасьці Андрэя Кузьняцова.

У ім кіраўнік МАЗу просіць «садзейнічаць накіраваньню працаўнікоў прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасьці для выкананьня пляну першага кварталу 2026 году аўтобусным і тэрмамэханічным заводамі ААТ „МАЗ“».

Як адзначаецца ў паведамленьні BelPol, для выкананьня вытворчага пляну прадпрыемству не хапае 397 супрацоўнікаў, найбольш — сьлесараў мэханазборачных работ, гэта ключавая прафэсія ў зборачнай вытворчасьці.

У BelPol мяркуюць, што названая патрэба ў спэцыялістах — мінімальны парог, патрэбны для працягу дзейнасьці прадпрыемства.

«Пры гэтым пытаньне кваліфікацыі пэрсаналу, мяркуючы па сфармуляваньнях дакумэнту, адыходзіць на другі плян: цяпер задача знайсьці людзей за ўсякую цану, каб не дапусьціць зрыву вытворчасьці і прастояў праз брак працаўнікоў», — адзначылі ў арганізацыі.

МАЗ актыўна супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расеі.

У прыватнасьці, 6 лютага стала вядома, што ААТ «Міханавіцкі лягістычны цэнтар» выконвае функцыі кампаніі-прыкрыцьця і забясьпечвае закупы для вытворчых лініяў МАЗу і далейшай перадачы ў Расею. За гэтай схемай паставак кампанэнтаў для расейскага вайскова-прамысловага комплексу з Кітаю і Паўночнай Карэі стаіць грамадзянін Беларусі, колішні інжынэр Менскага аўтамабільнага заводу Аляксей Адамовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі схему паставак для расейскага ВПК, за якой стаіць інжынэр зь Беларусі